Усім звенням звяно. У Ляхавічах выбіралі лепшага ветэрынарнага тэхніка

Тэхнікі па штучным асемяненні Сяргей Кобель з СВК «Жарабковічы» і Алена Бортнік з СВК «Тальмінавічы».

Аднаўленне статка – адзін з асноўных накірункаў дзейнасці ў жывёлагадоўлі. Выхад цялят на 100 кароў – паказчык, які бярэцца за аснову пры вырашэнні гэтага пытання. А ў рэшце рэшт, справа залежыць ад работы спецыялістаў вельмі далікатнага профілю – тэхнікаў па штучным асемяненні жывёлы. Раённыя спаборніцтвы сабралі ў ветэрынарнай клініцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа такіх спецыялістаў з гаспадарак раёна: належала вызначыць самых прафесіянальных. Тэарэтычная, практычная часткі конкурсу – і названы пераможцы. Нязменна і заслужана ў лідарах звяно па аднаўленні статка СВК “Ляхавіцкі”, у склад якога ўваходзяць тэхнік па штучным асемяненні жывёлы Іван Буйко, заатэхнік-селекцыянер Галіна Ксёнжык, ветэрынарны ўрач-гінеколаг Сяргей Трафімчык. Шматгадовыя напрацоўкі спецыялістаў папаўняюцца новымі, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ў рабоце не толькі сельгаскааператыва, але і ў многіх гаспадарках раёна. Сёлета за 9 месяцаў на 100 кароў у СВК “Ляхавіцкі” атрымана 63 цяляці.

Галіна Ксёнжык, Іван Буйко, Сяргей Трафімчык – з СВК «Ляхавіцкі» – лепшае звяно ў раёне па аднаўленні статка.

У асабістым заліку першае месца заняў Іван Патаповіч з СВК “Ляхавіцкі”, другое – Алена Бортнік з СВК “Тальмінавічы”, трэцяе – Сяргей Кобель з СВК “Жарабковічы”. Іх перамога не выпадковая, бо і ў гаспадарках, дзе яны працуюць, атрыманы лепшыя паказчыкі. Скажам, летась у СВК “Тальмінавічы” на 100 кароў атрымана 91 цяля, а сёлета пакуль 58, у СВК “Жарабковічы” адпаведна – 82 і 63.

Пераможцы і ўдзельнікі конкурсу атрымалі падарункі. За шматгадовую і выніковую працу ўзнагароджаны і Генадзій Манько з ДП “Нача”.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *