Праз гады і адлегласці. Запамінальным і цудоўным спатканнем з юнацтвам, аднакурснікамі, любімымі выкладчыкамі стаў вечар сустрэчы выпускнікоў ЛДАКа

35 гадоў прайшло, як былыя выпускнікі развіталіся з саўгасам-тэхнікумам.

Нягледзячы на халаднаватае для канца сакавіка і дажджлівае суботняе надвор’е, непераробленыя справы, спяшаліся ў родную навучальную ўстанову – сённяшні аграрны каледж — тыя, хто ў розныя гады вучыўся тут. Запамінальным і цудоўным спатканнем з юнацтвам, аднакурснікамі, любімымі выкладчыкамі стаў вечар сустрэчы выпускнікоў ЛДАКа.

Яны пабывалі ў музеі, кабінетах і лабараторыях. Прыемна было бачыць слёзы радасці, абдымкі былых аднагрупнікаў, усхваляваныя воклічы. З цікавасцю кожны шукаў сваю выяву на выпускным фотаздымку.

Потым урачыстасці перамясціліся ў актавую залу. Вядучымі свята выступілі былыя навучэнкі, а цяпер супрацоўніцы ЛДАКа Вольга Сакун і Дзіяна Цімашок. Выдатным быў і канцэрт удзельнікаў клуба “Юнацтва”. Іскрынкай стала тое, што выканаўцамі многіх нумараў былі выпускнікі розных гадоў: Сяргей Мацулевіч, які атрымаў дыплом заатэхніка ў 1979 годзе, Алена Дзямід, выпускніца агранамічнага аддзялення 1997 года, Надзея і Андрэй Цямчыкі, якія закончылі ЛДАК у 2011 годзе, леташняя выпускніца заатэхнічнага аддзялення Марына Курылік.

Шмат цёплых слоў было сказана ў адрас выкладчыкаў і выхавальнікаў, адміністрацыі за навуку, падтрымку, клопат і дапамогу. Сюрпрызам стала імправізаваная пошта “Прыміце віншаванні”, асабліва для некаторых выпускнікоў, якія ў гэтыя дні адзначалі прыгожыя юбілеі.

Апладысментамі сустрэлі выступленне Рыгора Войціка, які трымаў слова ад усіх, хто ў розныя гады вучыўся ў ЛДАКу.

Сапраўды шчаслівымі былі куратары, чые групы сабраліся амаль у поўным складзе, — Ніна Глушчанка, Тамара Сакалова, Валянціна Станкевіч, Дзмітрый Шабан, Ірына Гардзейчык, Вольга Мурашка, Іван Татарыновіч.

Усё было ў гэты вечар: фотасесіі, успаміны пра вясёлае студэнцкае жыццё-быццё, расказы пра свае лёсы і сённяшні дзень (некаторыя даўно ўжо маюць не толькі дзяцей, але і ўнукаў) і нават дыскатэка.

Многія выпускнікі пакінулі ў гасцявой кнізе цёплыя водгукі пра вечарыну.

Ірына ПРЫСТУПА-ЮНІК,

намеснік дырэктара ЛДАКа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *