Рапсавыя спадзяванні

Намеснік дырэктара ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” па сельскай гаспадарцы Уладзімір Юруць заклапочана паглядае на неба: толькі б не было дажджу. Рапсавае поле спелае, насенне поўнасцю гатова да ўборкі, і непагадзь можа нашкодзіць: пойдзе страта ў намалотах. Каб хутчэй – выпусцілі на рапсавае поле, якое сёлета займае 420 гектараў (большыя плошчы гэтай культуры толькі ў СВК ”Жарабковічы”), 4 камбайны. Шчыруюць механізатары: ля Гукова ўбрана ўжо больш за 200 гектараў рапсу.

Найбольшыя намалоты ў экіпажа Дзмітрыя Арлоўскага і Аляксандра Чалевіча: здаецца, яны і не спыняюцца, хіба толькі выгрузіць насенне. Ураджайнасць культуры пакуль што трымаецца на адзнацы 24 цэнтнеры з гектара – як зазначае Уладзімір Фёдаравіч, – сярэдняя, але вышэй за агульнараённую. Наперадзе яшчэ больш паловы ўборачных плошчаў, таму ёсць спадзяванне, што паказчык палепшыцца. Каб выканаць дзяржзаказ сельгаспрадпрыемству сёлета трэба намалаціць як мінімум 620 тон рапсавага насення. Дарэчы, у залік дзяржзаказу гаспадарка адправіла ўжо 53 тоны гэтай сельгаскультуры.

Уборка – уборкай, а ўжо сёння трэба думаць і пра сяўбу азімага рапсу. Найбольш спрыяльны час – сярэдзіна жніўня, а найлепшы папярэднік для гэтай культуры – збожжавыя. Вось чаму ў сельгас-прадпрыемстве плануюць на вызначаных пад азімы рапс участках адразу пасля камбайнаў убраць салому і, не марудзячы, прыступіць да падрыхтоўкі глебы да сяўбы.

Вопытны аграрый Уладзімір Юруць прыглядаецца і да хлебнай нівы, якая сёлета раскінулася на плошчы ў 2900 гектараў: зерне налілося спеласцю. Неўзабаве стануць у загонку ўсе 10 камбайнаў райаграсэрвіса, 13 МАЗаў гатовы адвозіць збожжа на зернетакі, запрацуюць 4 сушыльна-ачышчальныя агрэгаты. Лёгкага хлеба не бывае: нагрузка на камбайн у райаграсэрвісе сёлета складзе 339 гектараў. Але мясцовыя механізатары настроены сур’ёзна: і сваё ў тэрмін убраць, і суседзям дапамагчы. Дарэчы, і сёлета на адным з камбайнаў будзе працаваць неаднаразовы пераможца абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў на жніве Андрэй Юруць. Зноў ставіць мэту пазмагацца за лідарства на жніўным полі.

У дапамозе іншым райаграсэрвіс і сёння не адмаўляе: на перыяд уборачнай кампаніі тут створана выязная рамонтная брыгада. Спецмашына ўкамплектавана дызельным генератарам, кампрэсарам, зварачным апаратам, абсталяваннем для рамонту гідраўлікі, дыягнастычнымі прыстасаваннямі і іншым – калі што, прама ў полі будзе аказана дапамога па рамонце агрэгатаў. Дарэчы, мабільны тэлефон экстраннай рамонтнай службы 8-029-796-85-72.

Разлічваюць у райаграсэрвісе на добры ўраджай збожжавых. І на тое, што ўборачная кампанія пройдзе, як запланавана, — у сціслыя тэрміны, без страт. У першую чаргу, як і належыць, увага – выкананню дзяржзаказу па продажу хлеба ў засекі краіны. Сёлета будзе адгружана 1300 тон пшаніцы, 120 жыта, 70 проса, 60 тон грэчкі.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Лепшыя ў гаспадарцы намалоты рапсу ў экіпажа Дзмітрыя Арлоўскага і Аляксандра Чалевіча.

Начальнік малагарадзішчанскага вытворчага ўчастка Кацярына Кулак.

Адвозяць рапс на зерняток вадзіцелі Васілій Курловіч, Віктар Шчука, Пётр Прыхач.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *