Праз могілкі. Вартасць жывых вызначаецца адносінамі да памяці…

Дзень памяці – 2 лістапада, Дзмітрыеўская бацькоўская субота ў праваслаўных (ці як яе яшчэ называюць асеннія дзяды) сёлета прыпадае на 7 лістапада. Да гэтых дзён беларусы традыцыйна наводзяць парадак на могілках. Канешне, парадак у такіх жалобных месцах будзе тады, калі ён падтрымліваецца пастаянна, а не ад выпадку да выпадку. Клопат родных – сачыць, каб на зарастала бур’яном магілка, была адрамантавана, пафарбавана агароджа. Добраўпарадкаванне тэрыторый вакол гарадскіх могілак і на іх – у зоне адказнасці камунгаса, у вёсках і аграгарадках (акрамя Свяціцы і Навасёлак Крывошынскага сельсавета, дзе могілкі на балансе камунгаса) – сельвыканкамаў. Смецце вывозіцца сіламі і тэхнікай камунгаса па заяўках сельвыканкамаў.

Пытанне добраўпарадкавання на пастаянным кантролі ўлады. Старшыні сельвыканкамаў кожны месяц трымаюць справаздачу перад кіраўніцтвам раёна па навядзенні парадку, расходаванні на гэта бюджэтных грошай. Як паведамілі ў фінансавым аддзеле райвыканкама, па стане на 1 кастрычніка з раённага бюджэту на добраўпарадкаванне населеных пунктаў сельвыканкамам выдаткавана 1,3 мільярда рублёў. Каля паловы гэтай сумы накіравана ў Жарабковіцкі сельсавет на падрыхтоўку да раённых дажынак. Плюс сельвыканкамы атрымліваюць сродкі за выкананне некаторых відаў паслуг, а таксама добраахвотныя ўзносы жыхароў населеных пунктаў на добраўпарадкаванне. Пэўная частка гэтых сродкаў накіроўваецца на добраўпарадкаванне могілак.

Старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч адзначае, што найбольш апошнім часам робіцца Крывошынскім сельвыканкамам. Па словах яго старшыні Юрыя Чаранкевіча, за верасень-кастрычнік высечана кустоўе на ўчастках могілак у Залужжы, Крывошыне, Шчэрбаве, Малышах, скошана пустазелле ў Ліпску, Заліпенні, Шчэрбаве. Смецце вывозіцца не радзей двух разоў у месяц. Заключаны дагавор са службай занятасці, па якім беспрацоўныя, што стаяць на ўліку, займаліся рамонтам агароджаў на могілках. Пакуль дазволіць надвор’е, добраўпарадкаванне прадоўжыцца. На жаль, не ўсюды работы вядуцца так актыўна.

Неаднойчы на апаратных нарадах старшыням сельвыканкамаў указвалася на недастатковую работу па навядзенні парадку на вясковых могілках: несвоечасовы вываз смецця, неўладкаванасць кантэйнерных пляцовак, адсутнасць агароджаў ці неабходнасць іх рамонту, дрэнныя пад’езды да могілак і іншыя праблемныя моманты. Часта з гэтай нагоды згадваліся могілкі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Жарабковіцкага сельсавета.

У мінулы панядзелак карэспандэнт “ЛВ” пабываў на могілках у Жарабковічах, Зарытаве, Канюхах, каб на ўласныя вочы ўбачыць, што зроблена і над чым яшчэ трэба працаваць мясцовай уладзе – сельвыканкамам.

Пры пад’ездзе да могілак аграгарадка Жарабковічы відаць, што работы па навядзенні парадку ідуць. Каля ўваходу скошана пустазелле, адрамантавана агароджа, на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы 2 запоўненыя кантэйнеры, ёсць нават лаўкі.

Але варта прайсці некалькі метраў углыб, натыкаешся на высокі зараснік бур’яну і кучы смецця. Не трэба шмат сродкаў, каб навесці парадак, арганізаваць на гэту справу землякоў. Галоўнае – жаданне. Яго, напэўна, і не хапае работнікам Жарабковіцкага сельвыканкама.

Своеасаблівы падыход да пытанняў добраўпарадкавання і ў некаторых вяскоўцаў. Вялізарнай гарой узвышаецца смецце на ўскрайку могілак за вёскай Зарытава. А побач незапоўнены кантэйнер на спецыяльна адведзенай пляцоўцы. Каля цэнтральнага ўваходу зноў “пейзаж” са сметнікам: людзі прыбралі на магілах сваіх родных і паленаваліся вынесці смецце ў кантэйнеры. А прайсці трэба ўсяго дзясятак метраў…

Да могілак у Канюхах пад’ехаць не проста – дарога вузенькая, з ухабамі. Сама тэрыторыя могілак падзелена на дзве часткі суцэльным зараснікам. Паўсюдна – кучы скінутага смецця. Бачна, што яно адсюль даўно не вывозілася. Зваленае дрэва, напэўна, не ўчора прапісалася пасярод могілак, сметнік аблюбавалі куры з суседняга дома.

Ёсць пра што падумаць, што прадпрыняць работнікам сельвыканкама, старасту, мясцоваму насельніцтву.

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара

і Наталлі ПЕРАПЕЧКА.

На жарабковіцкіх могілках (здымак уверсе), зарытаўскіх (у цэнтры), канюхоўскіх...

Перапоўнены смеццем кантэйнеры на мядзведзіцкіх могілках.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *