Рух нерухомасці. У мінулым годзе з малатка пайшлі 10 аб’ектаў, што знаходзіліся ў раённай уласнасці і не выкарыстоўваліся

Будынак ВВК, г. Ляхавічы, вул. Камсамольская, 58

Здараецца, што намінальна дарагія капітальныя будынкі і збудаванні ў нейкі час становяцца для сваіх уладальнікаў баластам. Гэта не норма, аднак аб’ектыўная рэальнасць ва ўмовах, калі ўсё цячэ і ўсё мяняецца. Мяняюцца эканамічныя падыходы, на змену ўчарашнім тэхналогіям прыходзяць новыя – сучасныя. Сёння ўжо нават не станкі-аўтаматы, а робататэхнічныя комплексы правяць баль на многіх прадпрыемствах. Тым самым мінімізуецца патрэба ў вытворчых плошчах. Плюс характэрны не толькі для Ляхавіччыны дэмаграфічны “мінус”, невясёлым вынікам якога становіцца незапатрабаванасць будынкаў асобных школ, вучэбна-вытворчых камбінатаў, дзіцячых садкоў.

Надаць рух аб’ектам нерухомасці, якія не выкарыстоўваюцца або чыё выкарыстанне не прыносіць належнага эфекту, з’яўляецца той яшчэ задачай. Яе актуальнасць характарызуецца маштабамі краіны, і Ляхавіцкі раён тут не выключэнне. Сёння з задавальненнем, танна і з мінімальнай для сябе выгадай ад нерухомасці, што стала лішняй, пазбавіліся б многія нашы суб’екты гаспадарання. Прапаноў далёка за сотню: на розны густ і кашалёк, разнастайна прыстасаваных і неаднолькава функцыянальных, у межах горада і раскіданых па тэрыторыі раёна. Але сёння размова пойдзе не пра нерухомасць, якая мае ведамасную прывязку: паразважаем пра няўцягнутыя ў гаспадарчы абарот аб’екты, што знаходзяцца ў камунальнай раённай уласнасці.

Так, на маючыя адбыцца ў Брэсце ў бліжэйшыя месяцы аўкцыёны выстаўлены на продаж, у тым ліку, і 4 ляхавіцкія “лоты”. Найбольшыя маштабы ўяўляе сабой размешчаны на тэрыторыі Конькаўскага сельсавета комплекс будынкаў і збудаванняў былога ваеннага гарадка, які быў перададзены раёну бязвыплатна з рэспубліканскай уласнасці.  Гэта амаль 15 гектараў тэрыторыі, 19 “пасаджаных” на ўсе неабходныя інжынерныя сеткі рознага кшталту пабудоў, аб’екты добраўпарадкавання. Нядрэннае геаграфічнае знаходжанне – блізкасць дастаткова вялікага горада – і добрыя пад’язныя шляхі служаць у якасці дадатковага бонуса, закліканага абуджаць інтарэс у патэнцыяльных пакупнікоў. Аднак, не.

– Ні адзін з раней аб’яўленых аўкцыёнаў па продажы названай маёмасці не адбыўся. Не знайшлося ні аднаго прэтэндэнта на пакупку. Прыйшлі да таго, што цяперашняя першачарговая аўкцыённая цана лота раўняецца 4,32 мільёна рублёў – па адной базавай за кожны асобны аб’ект, – падзялілася падрабязнасцямі “кухні” намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба.

Сітуацыя не арыгінальная: такім жа шляхам да новага гаспадара ішлі будынкі былых інтэрната ў вёсцы Ганчары, школы ў Зубелевічах, міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната, размешчанага ў Ляхавічах па вуліцы Камсамольскай. Будзем верыць, што, як і ў выпадку з ваенным гарадком, запланаваны на ўчарашні дзень аўкцыён стаў для іх рэнесансам – даў надзею на адраджэнне ў новай ролі.

Новая роля прададзенай за сімвалічную суму нерухомасці заключаецца ў арганізацыі на яе базе нейкай камерцыйнай дзейнасці. Апошняя можа быць рознага профілю, аднак, у законным парадку і на працягу не менш як трох гадоў з моманту набыцця аб’екта. Такую “абавязалаўку” можна расцэньваць па-рознаму. У тым ліку і як дадатковую плату за намінальна і рэальна танную пакупку.

Што ж з нерухомасцю, якую так і не атрымалася прыстроіць? Калі прадугледжаны заканадаўствам ланцужок прапаноў пройдзены ад пачатку да канца, і ўсё безвынікова? У непрададзенага аб’екта можа быць розны лёс. У тым ліку і знос – як крайні варыянт. Асобныя з аб’ектаў бязвыплатна перададзены ў карыстанне іншым ведамствам, арганізацыям, структурам (вучэбна-вытворчы камбінат у Тухавічах, фельчарска-акушэрскі пункт у Русінавічах, будынак неўралагічнага аддзялення ЦРБ), некаторыя змянілі профіль, іншыя – закансерваваны да лепшых часоў.

Аднак жа для істотнай колькасці аб’ектаў нерухомасці новыя гаспадары былі знойдзены ў выніку аўкцыённых таргоў. З 14 уключаных у аўкцыённы спіс прадаць атрымалася 10. Шчаслівымі для, трэба думаць, абодвух бакоў сталі наступныя лоты: Сваятыцкая школа і інтэрнат у гэтай жа вёсцы, пачатковая і сярэдняя школы ў Альхоўцах, дзіцячыя садкі ў Каранеўшчыне і Адахаўшчыне, стары будынак РАУС, лазня ў Сакунах, фельчарска-акушэрскі пункт у Дараве, сельскі Дом культуры ў Куршынавічах.

Якая перспектыва бачыцца для атрымаўшых шанц на другое жыццё аб’ектаў нерухомасці? Як правіла, гаворка ідзе аб арганізацыі на іх базе вытворчых або гандлёвых прадпрыемстваў. Некаторыя з новых гаспадароў свае намеры абазначылі ўжо тэхнічна – завезеным абсталяваннем, а то і выпускам пілотных партый прадукцыі. Іншыя праходзяць стадыю распрацоўкі праектных дакументаў, асобныя – пакуль толькі дэкларуюць уласныя намеры.

– Адно з нашых патрабаванняў – на купленай за адну базавую нерухомай маёмасці павінен адбывацца  нейкі рух. Работа над праектам, рамонтныя клопаты, пераабсталяванне і г.д. І ўсё гэта не пазней як праз год пасля дакументальнага афармлення здзелкі. Калі ж не – магчымы рознага кшталту штрафныя санкцыі, – ставіць кропку ў гутарцы Таццяна Кацуба.

Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, комплекс будынкаў ваеннага гарадка быў прададзены  з аўкцыёна, які адбыўся 19 студзеня ў Брэсце.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *