Хто за рулём – той яшчэ не ўладальнік

Сёння рэдка сустрэнеш сям’ю, у якой няма машыны, а то і дзвюх. Аўтамабілі выстройваюцца ў некалькі радоў у гарадскіх дварах і часам ствараюць праблемы для прагулак і прыбірання. Але вось знайсці адказных за транспартны сродак становіцца часам няпроста, таму што, на жаль, не ўсе грамадзяне своечасова і правільна рэгіструюць свае правы ўласнасці на аўтамабілі.

Валоданне транспартным сродкам вызначаецца дагаворам куплі-продажу, які складаецца ва ўстаноўленым парадку пры куплі-продажы, абмене і дарэнні (згодна п.п.1.2 п.1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні здзелак па адчужэнні транспартных сродкаў“ ад 15 кастрычніка  2007 г. № 504). Пра складанне дагавору трэба паклапаціцца своечасова, у момант набыцця аўтамабіля, і не старацца адцягнуць час па прычыне неабавязковасці, нежадання праходзіць тэхнічны агляд або з-за імкнення выкарыстаць страхавы поліс абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ранейшага ўладальніка аўтамабіля.

Судовая практыка паказвае, што легкадумныя адносіны да афармлення дакументаў могуць прывесці да вялікіх матэрыяльных страт як новага, так і ранейшага ўладальніка. Так здарылася, напрыклад, з грамадзянінам Зіміным, які фактычна прадаў свой аўтамабіль “Фальксваген-Гольф” грамадзяніну Ларыну. Але дагавор куплі-продажу яны не заключылі і не зарэгістравалі ў падраздзяленні ДАІ МУС. Ларын, кіруючы аўтамабілем, учыніў наезд на грамадзянку Жараву і нанёс ёй цяжкія цялесныя пашкоджанні. Рашэннем суда было пастаноўлена спагнаць з Зіміна, як з уладальніка аўто, на карысць Жаравай грашовую кампенсацыю маральнай шкоды, таксама судовыя расходы, дзяржпошліну і страты, звязаныя з разглядам справы, – каля ста мільёнаў рублёў.

Фінансавыя праблемы ранейшага ўладальніка аўтамабіля могуць закрануць пакупніка, калі дагавор куплі-продажу не зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку. У выпадку грашовай запазычанасці прадаўца аўтамабіля на яго маёмасць накладаецца арышт, у тым ліку і на аўтамабіль. Транспартны сродак павінен быць адабраны ў пакупніка і рэалізаваны ў кошт кампенсацыі запазычанасці, а спагнаць грошы, выплачаныя за аўтамабіль пакупніком, будзе вельмі складана. Так, напрыклад, здарылася і з грамадзянкай Смірновай. Яе на аўтамабілі “Аўдзі” спынілі супрацоўнікі ДАІ і паведамілі, што аўтамабіль, набыты ёю два гады назад у грамадзяніна Волкава па даверанасці, без заключэння дагавору куплі-продажу, знаходзіцца пад арыштам. Жанчына аказалася на дарозе без транспартнага сродку. Аўтамабіль быў адпраўлены на штраф-стаянку. За два гады Смірнова і Волкаў не знайшлі часу аформіць дагавор куплі-продажу. За гэты ж час у адносінах Волкава была ўзбуджана выканаўчая справа, у яго ўзніклі фінансавыя абавязацельствы па рашэнні суда. Смірнова спрабавала вызваліць ад арышту аўтамабіль праз суд, але ў іску ёй было абгрунтавана адмоўлена, таму што, згодна заканадаўства, яна не з’яўляецца ўласнікам аўтамабіля. Права ўласнасці на транспартны сродак узнікае толькі з моманту рэгістрацыі дагавору, заключанага ў пісьмовай форме ў падраздзяленнях ДАІ МУС.

На нашых дарогах з’явіліся спецыяльныя тэхнічныя сродкі, якія працуюць у аўтаматычным рэжыме і фіксуюць перавышэнне скорасці руху транспартнага сродку. Атрымальнікам так званых “пісьмаў шчасця”, які нясе за перавышэнне скорасці адміністрацыйную адказнасць і абавязаны заплаціць штраф, становіцца ўласнік (уладальнік) аўтамабіля. У нашым выпадку – ранейшы ўладальнік, таму што дагавор аб куплі-продажы не зарэгістраваны. Пры ўчыненні іншага правапарушэння (напрыклад, наезд на пешахода), пры якім вадзіцель аўто ўцёк, спачатку ўсе прэтэнзіі будуць прад’яўлены да таго, на чыё імя зарэгістраваны транспартны сродак. Да такога прадаўца аўтамабіля могуць быць прад’яўлены і прэтэнзіі страхавой кампаніі, калі пакупнік трапіў у ДТЗ на яго аўтамабілі. Тыя, хто не афармляе дагавор аб пераходзе права ўласнасці на аўтамабіль, нясуць адказнасць за другога вадзіцеля, за яго паводзіны не толькі на дарозе, але і пры ўчыненні ім, напрыклад, махлярскага паўторнага продажу машыны.

Будзьце ўважлівымі не толькі на дарогах, але і пры пакупцы і продажы аўтамабіля. Своечасова афармляйце дагавор куплі-продажу аўтамабіля ў падраздзяленнях ДАІ МУС Рэспублікі Беларусь.

Усе прозвішчы ў артыкуле зменены.

Канстанцін ХАРЫТАНЮК,

суддзя Брэсцкага

абласнога суда.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *