Супраць бяды разам

У Беларусі на ўліку ўрачоў-нарколагаў знаходзяцца больш за 15 тысяч чалавек, колькі яшчэ ўжываюць гэту атруту дакладна ніхто не скажа. Вядома адно – іх колькасць з кожным годам павялічваецца. У нашым раёне на ўліку ў РАУС знаходзіцца 9 наркаманаў, з якіх 2 – спажыўцы опію, 7 (маладыя людзі 1993-2000 гадоў нараджэння) – спайсаў…

Разам з павелічэннем коль-касці спажыўцоў, узрастае і колькасць зарэгістраваных нарказлачынстваў. Аднак, дзякуючы прымаемым мерам, у тым ліку ўзмацненню крымінальнай адказнасці за такога кшталту злачынствы, сітуацыю ўдаецца трымаць пад кантролем.

Праблема, на жаль, актуальная і для Ляхавіцкага раёна. Супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку РАУС праводзяць значную работу па папярэджанні і раскрыцці злачынстваў,звязаных з распаўсюджваннем наркатычных і псіхатропных рэчываў. Падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў былі ўстаноўлены факты ўчынення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў і іх пракурсораў.

Напрыканцы мінулага года раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле 328.3 Крымінальнага кодэкса адносна 18-гадовага жыхара Ляхавіцкага раёна, у якога на вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры было знойдзена і адабрана 0,61 грама рэчыва расліннага паходжання, у складзе якога ўтрымліваўся асабліва небяспечны псіхатроп. Як высветлілася, малады чалавек перавозіў наркотык для рэалізацыі 21-гадоваму ляхавічаніну. Прадавец атруты асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Таксама супрацоўнікі крымінальнага вышуку атрымалі інфармацыю пра трох 18-гадовых грамадзян, якія займаліся распаўсюджваннем псіхатропных рэчываў на тэрыторыі Баранавічаў і Ляхавічаў. Пасля яе праверкі і праведзеных аператыўных мерапрыемстваў злачынцы былі затрыманы, прыгаворам суда яны атрымалі па 13 і 9 гадоў пазбаўлення волі.

Прадаўжаецца актыўная работа па выяўленні грамадзян, якія займаюцца распаў-сюджваннем насення маку – сыравіны для вытворчасці наркатычных сродкаў. У кастрычніку мінулага года супрацоўнікамі – крыміналістамі РАУС сумесна з калегамі з Баранавіцкага ГАУС знойдзена і канфіскавана 4 кілаграмы насення маку. Уласнік гэтай расліннай сыравіны прыцягнуты пакуль да адміністрацыйнай адказнасці. Дарэчы, як высветлілася, у яго рэгулярна куплялі сыравіну жыхары нашага раёна.

Сёлета супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку РАУС сумесна з калегамі з галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю МУС Рэспублікі Беларусь падчас вобыску ў жыхара Ляхавіцкага раёна знайшлі і канфіскавалі 164 грамы макавай саломкі – небяспечнага наркатычнага сродку. Супраць “наркабізнесмена” ўзбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх пракурсораў ці аналагаў). Калі віна будзе даказана, то яму пагражае абмежаванне волі тэрмінам да пяці гадоў ці пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

Жорсткія падыходы да пакарання распаўсюджвальнікаў наркотыкаў прадугледжвае Дэкрэт № 6 ад 28 снежня 2014 года “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”. Згодна гэтага заканадаўчага акта, з 16 да14 гадоў зніжаны мінімальны ўзрост прыцягнення да крымінальнай адказнасці за збыт наркотыкаў, павялічаны максімальны тэрмін пазбаўлення волі за збыт наркотыкаў з 13 да 15 гадоў, выраб ці перапрацоўку наркотыкаў у лабараторных умовах – з 8 да 20 гадоў. За збыт наркотыкаў, які пацягнуў за сабой па неасцярожнасці смерць чалавека ў выніку спажывання наркотыкаў, прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін ад 12 да 25 гадоў.

Акрамя таго, уведзена адміністрацыйная адказнасць за з’яўленне ў грамадскіх месцах у стане наркатычнага ап’янення, павялічыліся штрафы за знаходжанне на рабочым месцы ў такім стане. Напрыканцы 2015 года і напачатку гэтага ў Ляхавічах тройчы выяўлены факты знаходжання нашых землякоў і жыхара Баранавічаў у стане, выкліканым ужываннем без прызначэння ўрача наркатычных і таксічных рэчываў. Усе парушальнікі павінны будуць заплаціць штраф.

На страшную з’яву пад назвай “наркаманія” вочы не заплюшчыш. Толькі разам можна супрацьстаяць гэтай небяспецы, у палон якой можа трапіць кожны. Прафілактыка наркаманіі больш эфектыўная, чым лячэнне ад яе. Медыкі, сацыяльна-псіхалагічныя службы, праваахоўныя органы, установы адукацыі, грамадскія арганізацыі і іншыя павінны аб’яднаць намаганні, каб спыніць яе распаўсюджванне.

Калі хтосьці з вас, шаноўныя чытачы, ці вашы знаёмыя сутыкнуліся з гэтай праблемай, калі вы валодаеце інфармацыяй пра тых, хто распаўсюджвае наркотыкі, звяртайцеся ў міліцыю па нумарах: 102, 2-48-37, 8-033-605-63-98 ці да ўчастковага інспектара. Канфідэнцыяльнасць гарантуецца.

Андрэй ЧАРАНКЕВІЧ,

оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *