У пошуках ключа ад жыллёвых праблем

Калі паспрабаваць ранжыраваць спіс асабліва важных жыццёвых пытанняў, то жыллёвыя, несумненна, зоймуць месца ў самым авангардзе ўмоўнай шарэнгі. Дабавім фактар усеахопнасці, няпростасць у вырашэнні і, у прынцыпе, можна зразумець яшчэ адно іх “лідарства”: па колькасці зваротаў на розныя прамыя і гарачыя тэлефонныя лініі, асабістыя прыёмы службовых асоб. Выключэннем з гэтага правіла не стаў і мінулы панядзелак, калі разабрацца з узнікшымі праблемамі жыхарам раёна дапамагаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці Дзмітрый Баско. Падчас прыёму паступіла адно тэлефанаванне, чатыры пытанні былі зададзены “тэт-а-тэт”. З іх толькі адзін зварот – па-за рамкамі жыллёвай, жыллёва-камунальнай тэматыкі.

Хоць і ў парушэнне храналагічнага парадку, але з яго і пачнём. Вельмі коратка і па самай сутнасці. Заяўніца, жыхарка адной з вёсак раёна, выказала незадавальненне вынесеным у яе адрас рашэннем раённага суда. Што ў такім выпадку можа адказаць кіраўнік абласнога кантрольнага органа? Адно: рашэнне суда можа змяніць толькі суд больш высокай інстанцыі.
Прыкладна дзесяць гадоў назад у кватэры ляхавічаніна ці не поўнасцю “абрэзалі” ацяпленне. Такімі былі дзеянні камунальнікаў у адказ на запазычанасць па аплаце іх паслуг. Аднак, на працягу дзесяцігоддзя аплата за ацяпленне спраўна налічвалася – з аднаго боку. І ўносілася – з другога. Андрэй прыйшоў за дапамогай у вырашэнні пытання з пераразлікам выплачанай ім “ацяпляльнай”  сумы. У ходзе размовы ў фармаце кватэраздымшчык-старшыня КДК вобласці-дырэктар ЖКГ абазначыўся кампраміс: камунальнікі аднаўляюць у кватэры сістэму ацяплення.
Чатыры чалавекі наведаліся з аграгарадка Ліпск. Грамадзяне жадаюць выкупіць жылыя памяшканні, у якіх на даны момант і пражываюць. Нерухомасць належыць КСУП “Ліпнянка”, якое, па словах заяўнікаў, не асабліва імкнецца ім у гэтым пасадзейнічаць. Як высветлілася падчас прыёму, на справе сітуацыя некалькі іншая: усе дазволы і дакументы на прыватызацыю дамоў падрыхтаваны, чакаюць сваіх гаспадароў. Апошнім застаецца заплаціць за іх афармленне і атрымаць на рукі. Як гэта і прадугледжана практыкай, грошы, затрачаныя грамадзянамі на афармленне дакументаў, гарантавана не прападуць – пойдуць у залік аплаты за жыллё. Гэта таксама было пытаннем прыйшоўшых на прыём да старшыні Камітэта дзяржкантролю вобласці.
Яшчэ адна дэлегацыя – з вуліцы Южакова, што ў Ляхавічах. Тэма з гісторыяй, як і сам дом, дзе пражываюць грамадзяне. Дом належыць ПМК-17  і мае статус інтэрната, напалову нежылы – на вокнах дошкі, патрабуе глыбокага рамонту. Наколькі гэта рэальна – і было адным з пытанняў. Другое тычылася магчымасці прыватызацыі жыльцамі сваіх кватэр, трэцяе закранала тэму тэхнічнага абслугоўвання. Сітуацыя ўяўляецца дастаткова заблытанай, патрабуе дадатковага вывучэння і прапрацоўкі. Таму пастаўлена пакуль на кароткую паўзу. Абсалютная канкрэтыка заключаецца ў тым, што жыльцам неабходна тэрмінова, да 1 ліпеня, звярнуцца ў адпаведную інстанцыю з заявамі аб жаданні прыватызаваць свае жылыя памяшканні. У чым яны могуць разлічваць на метадычна-кансультацыйную дапамогу спецыялістаў райвыканкама.
“На паўзу” ў рамках прадугледжаных законам тэрмінаў пастаўлены і тэлефонны запыт з аграгарадка Конькі. Абанент прасіў дапамагчы вызначыць “статус” дома, і ў залежнасці ад таго, на чыім балансе ён знаходзіцца, дзейнічаць далей. Канчатковая мэта – рамонт даху.
Прыём прыкладна на паўгадзіны перавысіў анансаваны час. На фоне іншых раёнаў вобласці, яго, па словах Дзмітрыя Баско, адрознівала ці не выключна жыллёва-камунальная тэматыка. Падчас аналагічных выездаў па іншых адрасах Брэстчыны пытанні гучалі больш рознапланава. І яшчэ: прыклад “Ліпнянкі” сведчыць, што пытанне жыхароў аграгарадка Ліпск знаходзілася цалкам у мясцовай плоскасці. Магло і павінна было вырашыцца на ўзроўні КСУП, сельскай адміністрацыі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *