Вялікая сям’я – гэта модна

Дзяржаўная палітыка падтрымкі сем’яў дае дэмаграфічныя плюсы. Сваю важную ролю ў гэтым адыгрывае і ўвядзенне з пачатку мінулага года сямейнага капіталу. Сёлета за студзень-сакавік у вобласці нарадзіліся больш за 4500 дзяцей, што на 8,9 працэнта больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Калі ў 2014 годзе на Ляхавіччыне было зарэгістравана нараджэнне 240 хлопчыкаў і дзяўчынак, то ў 2015 – 267 (пасведчанне аб нараджэнні трэцяга дзіцяці атрымалі 40 бацькоў, чацвёртага – 15, пятага – 6). Сёлета трэцяе дзіця з’явілася ў 18 сем’ях, чацвёртае – у 7 і пятае – у 4 сем’ях.
Сямейны капітал даецца аднойчы і можа быць назначаны сем’ям, у якіх з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года нарадзілася ці было ўсыноўлена трэцяе або наступныя дзеці. Безнаяўныя грашовыя сродкі – 10 тысяч долараў ЗША – пасля дасягнення хлопчыкам ці дзяўчынкай 18-гадовага ўзросту могуць быць накіраваны на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі і г.д., фарміраванне накапляльнай пенсіі маці ў поўнай сям’і, бацькі ў няпоўнай. Указам вызначана, што грошы могуць быць выкарыстаны датэрмінова на атрыманне членамі сям’і платных медыцынскіх паслуг.
Як расказала загадчыца сектара сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Ланкуць, за 2015 год на Ляхавіччыне сямейны капітал назначаны 39 сем’ям. Сёлета з пачатку года ва ўпраўленне за гэтым відам дапамогі ўжо звярнуліся 34 сям’і. Па ўсіх зваротах прынята станоўчае рашэнне.
Дарэчы, у Беларусі сем’і атрымліваюць і іншыя віды дзяржаўнай дапамогі: пры нараджэнні дзіцяці, па яго доглядзе, аказваецца адрасная сацыяльная дапамога малазабяспечаным сем’ям. Прадугледжаны працоўныя, падатковыя, жыллёвыя і іншыя льготы сем’ям.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *