Мужчынскі характар

Намеснік дырэктара ЗАТ “Белпрампрыбор” Андрэй Вараб’ёў заўсёды настойліва пераводзіць размову ў іншае рэчышча, калі гаворка заходзіць асабіста пра яго. Не любіць. Хаця за 13 гадоў работы ў сельскагаспадарчай вытворчасці ён многім даказаў, што нават у складаных умовах гаспадарання можна дабіцца поспехаў.
Андрэй Ціханавіч прыехаў з Расіі, можна сказаць, выпадкова змяніў гарадское жыццё на беларускую сельскую глыбінку: сябар прапанаваў кіруючую пасаду ў адной з галін вытворчасці закрытага акцыянернага таварыства, якое ўзначальвае. Па прафесіі – механік, мае вопыт “тэхнара”, разлічваў, што работа будзе звязана выключна з тэхнікай. Рызыкнуў, угаварыў сваю Таццяну Іванаўну – і вось яна, Беларусь! Прыгожая краіна, адкрытыя сэрцам і душой, працавітыя людзі.
Цень сумнення іншы раз кранала душу, калі давялося займацца не па “профілі” – узначаліў свінагадоўчы комплекс “Шчэрбава”. Пачаў з таго, што сфарміраваў групу спецыялістаў-прафесіяналаў, з часам падабраў работнікаў, якія адпавядалі прад’яўленым патрабаванням. Неўзабаве з’явіліся станоўчыя вынікі, якія паступова замацоўваліся. Сёння прывагі свіней на комплексе “Шчэрбава” – лепшыя ў вобласці, “Белпрампрыбор” па гэтым паказчыку ў ліку перадавых гаспадарак рэспублікі.
Вараб’ёў дняваў і начаваў на комплексе, не баяўся ніякай работы. Як і пасля, калі заняўся аднаўленнем машынна-трактарнага парка прадпрыемства. Андрэй Ціханавіч сам рамантаваў машыны і механізмы, быў наладчыкам, выконваў зварачныя работы, правяраў, выпрабоўваў, і старая тэхніка, якая лічылася непрыгоднай, ажывала.
Гаспадарка першай у раёне стала прымяняць навейшыя тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў. Пайшла ў рост малочная галіна. На Галаўнінскай МТФ не сталі займацца новым будаўніцтвам, а прывялі ў парадак старыя  памяшканні: капітальна адрамантавалі, забяспечылі абсталяваннем, стварылі вартыя ўмовы для эфектыўнай працы. Сёння на МТФ атрымліваюць малако толькі гатунку экстра.  Андрэй Вараб’ёў лічыць, што гарантыя поспеху –  добры калектыў. Ён такі сфарміраваў.
…Не любіць расказваць пра сябе Андрэй Вараб’ёў. За яго гавораць справы. Прыгожыя і важкія, якія прывялі яго да поспеху: зусім невыпадкова партрэт Андрэя Ціханавіча сёлета змешчаны на раённую Галерэю славы.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *