Еўраопт міні: першая прымерка

“Кулінарыя” пакінула гэтыя сцены даўно. Размешчаны ж па ляхавіцкай вуліцы Южакова будынак застаўся. Распачаты дастаткова працяглы і нятанны рамонт даваў нагоду для роздуму. Што, калі, як? Канчаткова інтрыга перастала існаваць у мінулы аўторак – фактам адкрыцця ў будынку магазіна “Еўраопт”. Прадэклараваны ў тым ліку і кідкім надпісам на галоўным фасадзе фармат “міні” зусім не азначае палітыку мінімалізму ў абслугоўванні пакупнікоў. Наадварот, адзначыў падчас “закрытага” паказу новай гандлёвай кропкі дырэктар філіяла ТАА “Еўраопт” Брэсцкай вобласці Алег Моніч. Свежы, відавочна, што не за адзін і не на адзін дзень рамонт, па большай частцы новае гандлёвае і спецыяльнае абсталяванне, многа “холаду” і святла, падкрэсленая чысціня, ашчадная стройнасць і шчыльнасць на той момант яшчэ не кранутых вітрынных выкладак.
Зарыентавацца ў таварным моры дапамагае прадуманае інфармацыйнае забеспячэнне. Дзве гандлёвыя залы, мінімізаваць час разліку за выбраны тавар прызначаны тры касы. У адрозненне ад працуючай у Ляхавічах крамы гэтай жа сеткі, у новай прадугледжаны сегмент для гандлю мясной і ”раздзелкай” птушкі. На вітрынах лёгка “чыталася” ляхавіцкая прадукцыя: малочнага і кансервавага заводаў, кааппрама. Ёсць куточак з таварамі прамысловай групы.
Па словах дырэктара, працоўны калектыў прадпрыемства пераважна малады. Аднак, не без вопыту, складаецца з двух дзясяткаў чалавек. З іх 14 трапілі сюды, калі так можна сказаць, пераводам – з былога аднайменнага магазіна. Астатніх данабралі, далі прафесійную падрыхтоўку, магчымасць зарабіць: створана 6 новых працоўных месцаў.
Вечарам аўторка аб’ект гандлю вытрымаў сапраўдны аншлаг, адгалоскі якога адчуваліся і 10 жніўня. З гэтага     дня “Еўраопт” на Южакова “ўключыў”штатны рэжым    работы.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *