Усё проста выдатна. Такое ўражанне маладых медыкаў ад першых дзён працы

Такога кадравага папаўнення, як сёлета, у медыцынскіх установах раёна не было даўно. У жніўні прыступілі да работы 13 маладых урачоў (плюс 6 інтэрнаў, якія набіраюцца практычнага вопыту ў райбальніцы) і 16 спецыялістаў сярэдняга медыцынскага персаналу. Урачы агульнай практыкі прымаюць першых пацыентаў у Падлескай, Тухавіцкай і Начаўскай урачэбных амбулаторыях, тэрапеўт – у Ліпскай. Штат медыкаў папоўнілі інфекцыяніст, акушэр-гінеколаг, хірург, 2 рэнтгенолагі, 4 тэрапеўты. Акушэркі, фельчар-лабарант, рэнтген-лабарант, медсёстры, фельчары, регістратар, памочнікі ўрача агульнай практыкі прыйшлі ў гарадскія і сельскія ўстановы аховы здароўя.

Намеснік галоўнага ўрача Міхаіл Куляшоў задаволены: сёлетняе папаўненне важка паўплывалі на рашэнне кадравай праблемы. Хаця па-ранейшаму не хапае вузкіх спецыялістаў: дэрматавенеролага, анколага, рэаніматолага, рэабілітолага, фізіятэрапеўта – іх чакаюць праз год.

Дарэчы, сярод маладых урачоў ёсць і нашы землякі. Начаўскую ўрачэбную амбулаторыю ўзначаліла ляхавічанка Кацярына Фірусь. А сямейная пара Сталыга размеркавалася ў райбальніцу: Наталля – акушэр-гінеколагам, Аляксей – хірургам.

Наталля Сталыга родам з аграгарадка Падлессе, вучылася ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце па мэтавым накіраванні абласнога ўпраўлення аховы здароўя. На размеркаванні вельмі прасілася, каб разам з мужам іх накіравалі ў Ляхавіцкую райбальніцу. Ужо сёння яна вядзе амбулаторны прыём і нават замяшчае на перыяд часовай адсутнасці райакушэр-гінеколага, лечыць стацыянарных хворых і з аптымізмам дзеліцца першымі ўражаннямі:

– Усё проста выдатна: работа, умовы, калектыў, загрузка поўная. Адміністрацыя райбальніцы абяцае дапамагчы з атрыманнем жылля, пакуль здымаем кватэру ў Баранавічах, дзе праходзілі інтэрнатуру. Муж таксама ўсім задаволены.

Яшчэ адзін выпускнік Віцебскага медуніверсітэта Андрэй Пуцілаў таксама цвёрда ведаў, што хоча пачынаць самастойную працу менавіта ў нашай райбальніцы, дзе пакладзены пачатак медыцынскай дынастыі Пуцілавых: хірургам працуе бацька, рэнтген-лабарантам – маці. Пуцілаў-малодшы праходзіў інтэрнатуру таксама тут, цяпер ён урач агульнай практыкі і загадчык Падлескай урачэбнай амбулаторыі.

– Не проста задаволены, а вельмі рады, што пасля заканчэння Пінскага медкаледжа размеркаваўся ў Ляхавіцкую райбальніцу, – гаворыць рэнтген-лабарант аддзялення рэнтгеналагічнай дыягностыкі райбальніцы ўраджэнец Столінскага раёна Сяргей Бруцкі. – З першых дзён работы адчуваю сябе тут сваім. Прынялі вельмі добра. Уважліва назіраю, як працуюць вопытныя калегі, у іх ёсць чаму павучыцца.

Сяргей, як і іншыя з сёлетняга медыцынскага папаўнення, адразу атрымаў жыллё – пакой (у інтэрнаце, у які перабудавана былое гінекалагічнае аддзяленне).

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *