Цяпло з мадэрнізацыяй

Дырэктар Уладзімір Гунько.

Ужо 43 гады Тухавічы называюць пасёлкам торфабрыкетчыкаў – з таго часу, як уведзены ў дзеянне торфабрыкетны завод “Ляхавіцкі”. Прадпрыемства  забяспечвала мясцовым палівам спачатку свой рэгіён, пасля выйшла на рэспубліканскі ўзровень. Сёння тухавіцкае цяпло распаўсюдзілася на краіны блізкага і далёкага замежжа. Торфабрыкетчыкі   імкнуцца будаваць жыццё адпаведна часу, ім у падмогу – новая тэхніка і сучасныя тэхналогіі. А завод па-ранейшаму выпускае брыкет, толькі геаграфія паставак значна пашырылася.

Уладзімір Гунько на гэтым прадпрыемстве прайшоў шлях ад старшага дыспетчара (быў начальнікам цэха, намеснікам дырэктара) да дырэктара. Напярэдадні прафесійнага свята  ён адказаў на пытанні карэспадэнта “ЛВ”.

– Уладзімір Паўлавіч, пятае дзесяцігоддзе прадпрыемства здабывае торф – сыравіну для сваёй вытворчасці. Наколькі яшчэ хопіць залежаў, каб забяспечыць дзейнасць завода?

– За гады свайго існавання наш торфабрыкетны здабыў 13 мільёнаў тон торфу і выпусціў больш як 5,5 мільёна тон брыкетаў. Гэта многа. Калі ўспомніць час станаўлення прадпрыемства, тое тэхнічнае забеспячэнне і сённяшняе, то гэта дзве эпохі. Напрыклад, сёлета за сезон (з мая па жнівень) мы нарыхтавалі 120 тысяч тон торфу – з улікам мінулагодніх астаткаў, забяспечылі сябе работай на цэлы год.

Што адметна, мы беражліва адносімся да прыроды. Пасля сезона здабычы праводзім рамонт палёў. Частку выпрацаваных выбракоўваем і ажыццяўляем мерапрыемствы па іх забалочванні, каб у рэшце рэшт яны набылі свой першапачатковы стан. Гэтак жа старанна рыхтуемся да наступнага сезона здабычы. На бліжэйшыя паўтара дзясятка гадоў мясцовай сыравіны хопіць для загрузкі вытворчасці, а далей сваё слова скажуць геолагі і геадэзісты.

– Хоць прадпрыемства мае ўжо “сталы” узрост, але абысціся без новых сучасных тэхналогій немагчыма. Які эфект прыносіць мадэрнізацыя, што новага з’явілася на заводзе сёння?

– Мы імкнёмся, як кажуць, быць у трэндзе: кожны год укараняем у вытворчасць нешта новае і перадавое, што садзейнічае эфектыўнасці вытворчасці, зніжэнню затрат на выпуск прадукцыі. Дарэчы, у пэўнай ступені рынак дыктуе накірункі развіцця прадпрыемства. Нядаўна мы заключылі дагавор з ААТ “Краснасельскбудматэрыялы” на пастаўку ”сушонкі” (торфу перад стадыяй брыкетавання). І, дзякуючы гэтаму, прадпрыемства запрацавала на поўную магутнасць. Аднак мы павінны былі папярэдне ўстанавіць спецыяльную лінію па адборы ”сушонкі”. Да таго ж, набылі спецыяльны прычэп-цыстэрну-самазвал для перавозкі прадукцыі – дарагі, з саліднай умяшчальнасцю ў 60 кубаметраў грузу. Адпраўляем штодзень па 2 рэйсы і мяркуем, што хутка перавядзём гэты грузавы аўтацягнік на кругласутачную работу.

– Спецыфіка вытворчасці прадукцыі такая, што рынкі збыту носяць у асноўным сезонны характар. А як наконт пастаянных спажыўцоў?

– Ёсць і такія. Напрыклад, супрацоўнічаем з цэментнымі заводамі Магілёўшчыны. Паставілі ўжо больш як 20 тысяч тон торфабрыкету ў Касцюковічы і Крычаў, доўгатэрміновы дагавор з тымі ж “Краснасельскбудматэрыяламі”. Сёлета пачалі адгружаць паліва ва Украіну. Восенню ажыўляецца работа і з раённымі жыллёва-камунальнымі гаспадаркамі, прыватнымі кліентамі. Праўда, ёсць праблема з разлікам за пастаўленую прадукцыю.

Стратнасць прадпрыемства ”зароблена” за лета, калі збыт прадукцыі змяншаецца. Мы адназначна ліквідуем гэты мінус у бліжэйшы час.

– Што датычыць экспартных паставак, то з замежнымі спажыўцамі ў вас нейкія “хвалепадобныя” адносіны. Хто з замежных спажыўцоў у актыве торфабрыкетчыкаў?

– Мы даражым экспартнымі пастаўкамі прадукцыі (яны таксама залежаць ад сезона), стараемся выконваць патрабаванні спажыўцоў і да якасці, і да формы паставак. У Латвію адпраўляем брыкет на паддонах – для сваіх патрэб купляе насельніцтва. Бяруць наш брыкет Літва і Польша. Вывучылі замежны рынак збыту, попыт і нават выпусцілі партыю новага віду прадукцыі – брыкета з вольхавага пілавіння. Такі від паліва запатрабаваны ў Швецыі, аднак іх умова – вельмі вялікая партыя адгрузкі. У нас на такі аб’ём не хапае сыравіны. Але перспектыва ёсць – калі не са Швецыяй, дык з іншымі спажыўцамі.

– Прадпрыемства лёгка ідзе на пераўзбраенне, шукае дзейсныя формы супрацоўніцтва, выпускае пробныя партыі новай прадукцыі. А гэта магчыма з калектывам аднадумцаў. Уладзімір Паўлавіч, які партрэт сярэднестатыстычнага работніка вашага прадпрыемства?

– Прыемна, што калектыў абнаўляецца, прыходзіць моладзь. Сёлета прынялі ў рады торфабрыкетчыкаў9 маладых работнікаў і даражым гэтым, імкнёмся зрабіць усё, каб замацаваць іх на вытворчасці. Даплачваем за кватэру, якую здымае малады работнік, аказваем матэрыяльную дапамогу – на аздараўленне падчас водпуску, да юбілейных датаў, пры ўступленні ў шлюб, а на вытворчасці даплачваем за кожную звышпланавую тону прадукцыі. Зарплата добрая, асабліва ў сезон здабычы торфу. Работнікі нашага прадпрыемства ўдзельнічаюць у рэспубліканскім галіновым спаборніцтве. І сёлета сярод пераможцаў машыністы Генадзій Гутырчык, Валерый Цырулік, Аляксандр Ламанос і іншыя.

Мы настроены на тое, каб выпусціць запланаваныя 85 тысяч тон брыкетаў. За 7 месяцаў аб’ём вытворчасці прадукцыі ўзрос на 32 працэнты ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.

– Ці дапамагаеце па-ранейшаму трымаць у добрым стане свой пасёлак, у тым ліку школу, Дом культуры і г.д.?

– Безумоўна. У садку, пасля ў школе выхоўваюцца-вучацца дзеці нашых завадчан, а ў Доме культуры адпачываем, таму, зразумела, прадпрыемства фінансава ўдзельнічае ва ўсіх справах. І ў дзень прафесійнага свята таксама адбудзецца ўрачыстасць, у тым ліку для жыхароў Тухавіч і навакольных вёсак. Хачу ўсім завадчанам сказаць дзякуй за працу.

Гутарыла Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў віншуюць з прафесійным святам – Днём работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці –  калектывы і ветэранаў ТБЗ «Ляхавіцкі», раёна газазабеспячэння, райпалівазбыту і іншых арганізацый, што прадстаўляюць галіну.

Машыніст прэса Канстанцін Невяроўскі з начальнікам брыкетнага цэха Васіліем Івановым.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *