Натхненне не ведае межаў. 3 снежня — Дзень інвалідаў /фота/

Калі нехта думае, што інваліднасць – гэта зачыненыя дзверы і вокны ў свет,  ён глыбока памыляецца. Каб пераканацца ў адваротным, дастаткова наведаць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, што вельмі зручна прапісалася  ў будынку цэнтральнай раённай бальніцы.
Ужо з  парога адчуваеш асаблівую атмасферу ўтульнасці і цеплыні, нераўнадушнасці, з якой  тут адносяцца да  сваіх падапечных. Іх  разумеюць  і падтрымліваюць, у іх вераць.

Аддзяленне адкрылася шэсць гадоў назад пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, каб садзейнічаць сацыяльна-бытавой, працоўнай і псіхалагічнай рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Сёння з упэўненасцю можна адзначыць: задуманае атрымалася. Менавіта тут некаторыя інваліды I-II груп знайшлі сябе, а іх абмежаваныя магчымасці сталі сапраўды неабмежаванымі. У гуртках “Пэйп-арт”, “Экспромт”, “Свет дэкупажу” і іншых яны разам з супрацоўнікамі аддзялення ствараюць арыгінальныя рэчы, якія прыносяць радасць і навакольным, і самім аўтарам. Прыгожа, эстэтычна і вельмі крэатыўна – гэта пра модны зараз хэнд-мэйд. Матэрыял выкарыстоўваюць самы розны: бісер, ніткі, паперу, фарбы і г.д. У рэабілітацыйна-працоўнай майстэрні вырабляюць сувеніры, якія можна набыць у сацыяльным магазіне аддзялення. Яго абавязкова трэба наведаць, калі жадаеш зрабіць дарагому чалавеку незвычайна душэўны сюрпрыз.

Яны ўпэўніліся ў сваіх магчымасцях і здольнасцях, паверылі ва ўласныя сілы і ў тое, што могуць многае. Пакеты, канверты, паштоўкі, магніты, падушкі, сурвэткі, вазы, шкатул- кі – цяжка пералічыць увесь асартымент, які прыйшоўся даспадобы многім нашым землякам. Зараз, напрыклад, у сувенірах пераважае навагодняя тэматыка. Летась распрацоўвалі лагатып ТДА “Карвента”, рабілі для яго паштоўкі і канверты. Кіраўнік прыватнага прадпрыемства Віталій Карпіевіч – даўні сябар аддзялення, з гатоўнасцю падтрымлівае тутэйшых падапечных.

Супрацоўнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў пастаянна арганізоўваюць выставы-продажы прадукцыі майстэрні. Той, хто купляе гэтыя сувеніры, такім чынам падтрымлівае лю-дзей з фізічнымі абмежаваннямі. Выручаныя грошы залічваюцца на пазабюджэтны рахунак і ідуць на развіццё майстэрні.

Клуб “Сваё кола” штомесяц збірае выхаванцаў і іх родных на сумесныя вечары, сустрэчы, якія аб’ядноўваюць, дораць станоўчыя эмоцыі і добры настрой. Тут цікава адзначаюць разнастайныя падзеі і святы, удзельнічаюць у міжраённых спаборніцтвах і конкурсах.

А яшчэ наведвальнікі аддзялення (сёння гэта 21 чалавек) заўзятыя аматары падарожжаў і паходаў.

– Стрымаць нас можа толькі надвор’е. Вывучаем культурную афішу – і ў шлях, – расказвае загадчыца аддзялення Святлана Несцяровіч.

Разам аб’ездзілі самыя цікавыя кропкі суседніх Баранавічаў. Частыя госці выставачнай залы. Спадабаўся музей водаканала. Нядаўна пабывалі ў Ганцавіцкім краязнаўчым музеі. І ўсё – грамадскім транспартам. Летам абавязковыя сумесныя прагулкі і адпачынак на гарадскім пляжы.

Жыццё ў аддзяленні кіпіць, кожны пры справе. Тутэйшы “старажыл” Галіна Малевіч старанна чэрціць макеты канвертаў. Надзвычай творчая, што ні пакажы – зробіць. Вольга Таран- да – майстрыха, якіх пашукаць. Усё ўмее, усё ў яе атрымліваецца. Іван Рашанаў любы малюнак з дакладнасцю пераносіць на вялікі ліст паперы. Выводзіць такія сюжэты – заглядзенне! Ганна Маслава працуе ў тэхніцы дэкупаж. Робіць гэта з натхненнем і вялікім задавальненнем. Дзмітрый Сталярчук з крэпавай паперы стварае пано. І заўсёды з імі побач і разам энергічныя і добразычлівыя кіраўнікі гурткоў Дзіна Кендыш і Вераніка Коктыш, спецыялісты па сацыяльнай рабоце Жанна Прывольнева, інструктар па працоўнай тэрапіі Наталля Патаповіч. Гэтым іх клапатлівая місія не абмяжоўваецца.

Творчая дзейнасць змяняецца заняткамі на трэнажорах, за чым пільна сочыць медсястра Людміла Жук. Яна ў аддзяленні і сябар, і спецыяліст, які адказвае за ўвесь даўрачэбны догляд. Малодшая медсястра Наталля Свінабурка суправаджае падапечных на прагулках, дапамагае распрануцца і справіцца з каляскай, разагрэць ежу (для гэтага тут маецца асобны пакой) і іншае.

Спецыялісты аддзялення наведваюць і шасцярых чалавек на даму: змераюць ціск, пацікавяцца станам здароўя, займаюцца з імі творчасцю. Так, Ала Шапель – выдатная вышывальшчыца, разам з мужам Васіліем задумалі выйсці, як кажуць, у анлайн. Людзі надзвычай мэтанакіраваныя, набылі ноўтбук, а вось кампьютарную грамату ім выкладалі сябры – спецыялісты аддзялення.

Дарэчы, у ТЦСАН створаны банк даных тых нашых землякоў ад 18 гадоў і старэй, у каго ёсць група інваліднасці. Іх запрашаюць далучыцца да дружнай сям’і, што склалася ў аддзяленні дзённага знаходжання. Для гэтага толькі і трэба, што прайсці медкамісію.

Традыцыйныя тут акцыі і дабрачынныя мерапрыемствы да Дня інвалідаў . Днямі супрацоўнікі аддзялення і свяшчэннаслужыцелі раёна з навагоднімі сюрпрызамі наведвалі на даму выпускнікоў ЦКРНіР. Актыўна прымаюць удзел і ў праектах па лініі ЕС. Мінулагодняя валанцёрская ініцыятыва “Свет вачамі дзяцей” прынесла ўстанове фінансавыя сродкі, на якія былі арганізаваны экскурсіі і набыта магнітная дошка. Па сёлетняй акцыі “Санаторый дома” атрымалі электрычную падушку-масажор і ручныя масажоры.

Шчырыя і адкрытыя падапечныя аддзялення не сядзяць у чатырох сценах дома, а ідуць туды, дзе іх чакаюць і заўсёды рады.

– У аддзяленні нашы сябры, аднадумцы. Прыходзім сюды, каб падняць настрой, адвесці душу, паглядзець тэлевізар і разам абмеркаваць перадачу, заняцца карыснай справай, – дзеліцца Галіна Малевіч, для якой супрацоўнікі ўстановы сталі амаль роднымі. Дарэчы, яна да ўсяго яшчэ і валанцёр Чырвонага Крыжа.

– Мы – звычайныя людзі са сваімі радасцямі і праблема- мі, – дапаўняюць сяброўку і іншыя, для каго гэта ўстанова стала вельмі прыемным адрасам.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Вольга Таранда.

Галіна Малевіч.

Здароўем Ганны Маславай цікавіцца медсястра Людміла Жук.

Іван Рашанаў

Медсястра Людміла Жук

Дзмітрый Сталярчук


One thought on “Натхненне не ведае межаў. 3 снежня — Дзень інвалідаў /фота/

  • 04/12/2016 в 23:57
    Permalink

    Хорошо, что есть такое учреждение, где могут понять, выслушать и помочь. А какие открытки делают в отделении инвалиды, поделки — глаз не отвести. Было бы очень удобно, чтобы эти сувениры продавались чуть поближе к центру города

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *