Фантазіі на зададзеную тэму. Колішні каларыт вяртаюць былой сядзібе Бохвіцаў у Флер’янове нераўнадушныя і дзейсныя людзі

І зацвітуць сальвіі з цынерарыямі.

Палымяныя, нібы агеньчыкі, сальвіі ў  кампаніі з   цынерарыямі – дзіўнае спалучэнне.  І гэта не проста ўзор, а  элемент  беларускага народнага арнамента, які  мае вельмі канкрэтнае прызначэнне  – абараняць ад хвароб і немачы.  Упрыгожаная менавіта такім арнаментам,  заквітнела адна з клумбаў на тэрыторыі былога маёнтка  Бохвіцаў. Тут у мінулы аўторак   работа кіпела і на дваровай тэрыторыі , і ў будынку.  Дабрачынны працоўны  дэсант  у складзе супрацоўнікаў   “Фермента” і навучэнцаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа сёлета, як і летась,  высадзіўся ў Флер’янове.

– Нам выпаў рэдкі шанц датыкнуцца  да часцінкі гістарычнай спадчыны. Сапраўднае шчасце – зрабіць  што-небудзь для  яе захавання. Гэта патрэбна і нам, і нашым нашчадкам. Мы з задавальненнем будзем працягваць добраўпарадкаванне,  рэканструкцыйна-аднаўленчыя работы, –  гаворыць  адна з  ініцыятараў і каардынатараў  ідэі адраджэння  намеснік дырэктара  па развіцці ЗАТ “Гандлёвы дом “Фермент” Ірына Крамінкіна.
Усё пачалося год назад. Прачытаўшы ў інтэрнэце матэрыялы пра знакамітую пісьменніцу  Элізу Ажэшку, яе любоў да цудоўных флер’яноўскіх краявідаў, супрацоўнікі сталічных і з іншых гарадоў арганізацый ЗАТ   “ГД Фермент”, ТАА “Цалкам”,  УП “АРТ-Ландшафт”, ТАА “Фермент”, “Дайнека АRT-ViK”, ВТАА “Поліпласт-М” загарэліся ідэяй адраджэння  тутэйшага сада, кветнікаў. Тым больш, што  адно з падраздзяленняў  “Фермента” суседнічае з былой панскай сядзібай. Як сцвярджаюць удзельнікі працоўнага дэсанта, калі ўсё толькі пачыналася, нават і не думалі, што так захопяцца праектам, рэалізацыя якога стане  для іх неабходнасцю, часткай жыцця.
Большасць з пасаджаных у маі мінулага года ружаў сорту “фларыбунда” прыжылася і добра перазімавала, цяпер вось сустракала такіх жа навасельцаў. А вакол з  роўнай гладзі  (не адзін пласт глебы летась пакладзены, каб выраўняць  тэрыторыю)  па  зялёным перыметры цягнецца да  сонейка трава-мурава.
На суседняй  клумбе, красуюць касачы і незабудкі, бадан і півоні. Па бетоннай агароджы вось-вось  запляцецца лаза, якую калісьці  аздобяць  сакавітыя вінаградзіны.  А  да мініяцюрных леташніх  саджанцаў вішні сёлета дабавіліся новыя. У плане –  аднаўленне веранды ў яе першасным выглядзе.
Добраўпарадкаваная тэрыторыя  набывае глянец. Над гэтым натхнёна шчыруюць  супрацоўнікі “Фермента” і яго партнёраў.  З не меншым энтузіязмам працуюць і каляджане.
– У мінулым годзе садзілі кветкі, прыбіралі тэрыторыю, даглядалі за саджанцамі.  Тут  цікава. Шмат прачытала  і пра Ажэшку, і пра Бохвіцаў, – гаворыць навучэнка 21-й  групы агранамічнага аддзялення  Ганна Лешык.
– Каляджане шчыруюць ад душы.  Юнакі косяць, капаюць глебу, паліваюць. Ганна садзіць кветкі. Нам пашанцавала на памочнікаў, – не хавае радасці Ірына Крамінкіна.
Добраахвотныя шэфы сёлета купілі неабходны інструмент (падарылі цяперашняму гаспадару  сядзібы Генрыху Траццяку) і пачалі  рэканструкцыю  столі ў адным з пакояў.  Пазней тут можна будзе  ўбачыць  жоўтыя прамяні  сонца на сіне-блакітным небасхіле – як было пры  Бохвіцах.
А пакуль, часова змяніўшы офіс на будаўнічую пляцоўку,  спецыяліст аддзела  продажу ГД “Фермент” Генадзій Німера перакваліфікаваўся ў шліфоўшчыка.
Тым часам Ірына Крамінкіна дзеліцца яшчэ адной прыемнай навіной.  У маёнтку плануецца  стварыць музей. Намеснік галоўнага бухгалтара ЗАТ  “Фермент” Таццяна Мацвеева клапатліва расстаўляе  першыя экспанаты-падарункі: партрэты  Фларыяна Бохвіца,  іншых членаў сям’і, Элізы  Ажэшкі і Уладзіслава Рэйманта, герб сям’і Бохвіцаў…
Наогул жа, флер’яноўская сядзіба ў раёне аб’ект даволі вядомы. Летась у былым маёнтку Бохвіцаў упершыню прайшлі “Флер’яноўскія чытанні”.  “Ляхавіцкі веснік”  таксама мае  дачыненне да сённяшняга ажыўлення сядзібы і вакол яе. Пяць гадоў назад  па ініцыятыве  і пры ўдзеле  рэдакцыі раённай газеты, з дапамогай каляджан, работнікаў лясгаса, СВК “Шлях новы”, ветэранаў у Флер’янове была закладзена  дубрава – насупраць ажэшкінскага дуба, пасаджанага вядомай пісьменніцай у 1909 годзе. (Праўда, шкада, што сёння ён знаходзіцца за агароджай – на прыватнай тэрыторыі). А маладзенькія дубкі ў зялёным убранні набіраюцца сіл, пайшлі ў рост.
Парк, дуброва, сквер (назавіце як хочаце), што прыдумалі ”веснікаўцы”, і праз дзесяцігоддзі напомніць пра бохвіца-ажэшкінскую гісторыю, якая атрымала працяг у трэцім тысячагоддзі і ў якой слова журналістаў было пачута і падхоплена. У гэтым  працягу шмат нераўнадушных: і сённяшні гаспадар сядзібы Генрых Траццяк, і каляджане, і працаўнікі   “Фермента”, і іншыя зацікаўленыя асобы. Дарэчы, тут  утульна  і  “Флер’яноўскім чытанням”, з любоўю падрыхтаваным і праведзеным  ляхавіцкімі бібліятэкарамі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Больш фота тут

Экспанаты будучага музея дэманструюць намеснік дырэктара ГД «Фермент» Ірына Крамінкіна і намеснік галоўнага бухгалтара Таццяна Мацвеева.

Абноўкі для чарговай клумбы гатовы.

Расце наша дубрава.

One thought on “Фантазіі на зададзеную тэму. Колішні каларыт вяртаюць былой сядзібе Бохвіцаў у Флер’янове нераўнадушныя і дзейсныя людзі

  • 01/06/2017 в 11:29
    Permalink

    Внимание и помощь неравнодушных людей бизнеса к культурным объектам достойно уважения. Может ещё кто подтянется. И станет тогда усадьба центром общественно-культурной жизни, где история будет дополняться современностью

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *