Канцэрт выпадковы, але выніковы

Скажу шчыра: нам было вельмі прыемна атрымаць запрашэнне ад дырэктара СААТ ”Ляхавіцкі малочны завод” Вячаслава Жукоўскага наведацца прама на завод з канцэртнай праграмай, прысвечанай Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Школа мастацтваў, як вядома, славіцца сваімі таленавітымі выкладчыкамі і вучнямі, таму нам было не складана ў самы кароткі час скласці канцэртную праграму. Мы выступілі паспяхова. Але ў нашай казкі ёсць прыказка…

Летась мы наведаліся да дырэктара ў кабінет і прапанавалі: прыедзем да вашага калектыву з канцэртам. Не скажу, што Вячаслаў Уладзіміравіч прыйшоў у захапленне ад нашай прапановы. Хутчэй сумняваўся, бо і часу асабліва няма, і на раённай сцэне не раз даводзілася бачыць і чуць самадзейных артыстаў. Зацікавіў хіба той факт, што сярод нас, па сутнасці, прафесійныя музыканты і спевакі. Карацей, мы атрымалі тады дазвол выступіць перад завадчанамі. А калі закончыўся канцэрт, то нам доўга апладзіравалі, частавалі, а пазней (чаго мы ніяк не чакалі) прадпрыемства закупіла для школы мастацтваў цэлы набор музычных інструментаў. Вось дык удача!

Сёлета  мы ўжо афіцыйна былі запрошаны на завод у дзень прафесійнага свята. Спявалі і танцавалі ад душы: інструментальныя нумары, эстрадны вакал, нават індыйскія танцы. З адшліфаванымі нумарамі на сцэну выходзілі пераважна выкладчыкі, таму канцэрт быў, можна сказаць, прафесійных артыстаў. Нас  зноў тут сустракалі гасцінна і цёпла. Дзякуй шчасліваму выпадку і дырэктару СААТ ”Ляхавіцкі малочны завод” Вячаславу Жукоўскаму.

Алена РАВІНСКАЯ,
дырэктар Ляхавіцкай
дзіцячай школы
мастацтваў

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *