І ў вас на падпіску 5 прычын

Верасень для «Ляхавіцкага весніка» час адметны і важны: у гэту восеньскую пару раёнка збірае вакол сябе прыхільнікаў друкаванага слова. Тых, хто кожную сераду і суботу чакае свежы нумар газеты, каб адчуць асалоду  ад   шамацення газетных старонак і паху друкарскай фарбы, хто тэлефануе, каб даць нагоду для матэрыялу, заходзіць у рэдакцыю падзяліцца радасцю або задаць хвалюючае пытанне. Сяброў у раёнкі многа, і гэта прыемна. Заставайцеся і далей з «ЛВ»! Калі сумняваецеся, падпісвайцеся без ваганняў… У вас на гэта  5 прычын.
Па-першае, «Ляхавіцкі веснік» – сапраўды крыніца ўнікальнай інфармацыі. Ніякі іншы сродак масавай інфармацыі не зможа так дэталёва і падрабязна расказаць пра жыццё ў раёне, а «ЛВ» гэта робіць пастаянна: ён жа тут прапісаны. Выпадковых тэм не бывае. Кожная публікацыя пра герояў часу, пра жыццё, багатае на падзеі і шчаслівыя імгненні, пачуцці і радасці, поспехі і здабыткі, незабыўныя моманты. І гэта  проста абавязана застацца на газетнай паласе, а значыць і ў памяці землякоў. Быць у курсе падзей, ведаць, што адбываецца, без перабольшання, у  суседнім доме, на суседняй вуліцы  ці ў вёсцы, павінен кожны чалавек, які жадае ісці ў нагу з часам.
Па-другое, газета без малога 75 гадоў застаецца верным і цікавым субяседнікам для ляхавічан і не толькі: «ЛВ» выпісваюць землякі, якія цяпер жывуць у іншых раёнах. Нам давяраюць і ў плане дакладнасці, аб’ектыўнасці інфармацыі і, самае галоўнае, – свае праблемы. Кожны можа быць упэўнены, што яго пачуюць, калі будзе магчыма – дапамогуць вырашыць праблему, у іншым выпадку падкажуць, куды лепш звярнуцца.
Па-трэцяе, часам пра свае страхі, цяжкасці, тое, што хвалюе, расказваць шырокаму колу не хочацца. Таму на тэматычных старонках стараемся ўзнімаць вострыя пытанні, шукаць выйсце са складаных сітуацый. І дапамагаюць у гэтым эксперты, спецыялісты розных сфер, якія часта самі выступаюць у якасці аўтараў: адказваюць на пытанні, даюць слушныя парады, тлумачаць незразумелае, кансультуюць.
Па-чацвёртае, як кажуць у журналісцкім асяроддзі, аднымі навінамі сыты не будзеш. Сёння перад друкаванымі выданнямі стаіць задача не толькі інфармаваць (цяпер гэта прэрагатыва web-журналістыкі), а аналізаваць, унікаць у сутнасць праблемы. Даць чытачу магчымасць паразважаць, прапанаваць розныя бачанні адной сітуацыі, дазволіць самому зрабіць вывады – вось, чым кіруюцца журналісты раёнкі, калі працуюць над чарговым матэрыялам.
Па-пятае, раёнка з’яўляецца месцам сустрэчы нашых землякоў. І нагоды для такіх стасункаў самыя розныя. Тут сустракаюцца «віноўнікі» святаў і тыя, хто не ўпускае магчымасці іх павіншаваць.  Тут перасякаюцца шляхі тых, хто жадае прарэкламаваць свой тавар, і тых, хто хоча штосьці набыць, каму трэба сказаць словы падзякі за падтрымку ў цяжкі час.
Кожны нумар «Ляхавіцкага весніка» – старонка з гісторыі нашага краю: у асабістых гісторыях, дасягненнях працавітых і таленавітых ляхавічан, падзеях і фактах, у творчасці землякоў. І ў гэтай гісторыі важны складнік – вы, паважаныя чытачы, без якіх немагчыма ўявіць нашу працу, бо дзеля вас ствараем, вашымі лёсамі натхняемся. Ёсць вы – значыць ёсць да чаго імкнуцца нашай-вашай газеце.  Калі ласка, заставайцеся з намі!
«Веснікаўцы».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *