І гэта здорава!

Выкарыстана ілюстрацыя

Гэты  навучальны год і настаўнікі,  і вучні  Востраўскай СШ сустракалі ў асабліва радасным настроі: колькасць школьнікаў павялічылася.  А гэта значыць, што ў аграгарадка Востраў, блізкіх вёсак ёсць аптымістычнае заўтра.  Маладымі сіламі папоўніўся і наш педагагічны калектыў. Вучыць і выхоўваць дзяцей прыйшлі  трое ўчарашніх  выпускнікоў  педуніверсітэтаў:  настаўнікі біялогіі і інфарма-тыкі, сацыяльны педагог.  Дарэчы, вырашана  жыллёвае пытанне кожнага з іх.

Вясковая школа, дзе ў класах менш дзяцей, чым ў гарадской, канешне, мае свае асаблівасці, у тым ліку і  ў плане навучання. Важны, у першую чаргу, індывідуальны падыход да вучня.  А што   датычыць сучасных інфармацыйных тэхналогій, яны даўно прыйшлі і ў самыя аддаленыя школы. Наша, напрыклад, аснашчана практычна новымі камп’ютарамі, якія сур’ёзна дапамагаюць у вучэбным працэсе.
Я не толькі настаўнік-прадметнік, а яшчэ і класны кіраўнік у  7-м класе.  Стараюся, каб маім хлопчыкам і дзяўчынкам было цікава не толькі на ўроках, але і пасля іх. Асабліва хачу адзначыць дабрачынны накірунак дзейнасці.  Дзеці з вялікім жаданнем удзельнічаюць у акцыі «Дом без адзіноцтва» –наведваюць, дапамагаюць адзінокім землякам. Клопатам ахапілі ветэранаў вайны і педагагічнай працы, былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, састарэлых вяскоўцаў.
Школа – не толькі ўрокі, але і вялікая выхаваўчая работа.  І гэта здорава! Сярод  нашых вучняў  і настаўнікаў  у пашане здаровы лад жыцця. У маі школьнікі  з 6 па 8 класы разам з настаўнікамі праехалі больш за  50 кіламетраў  па маршруце Востраў-Рагачы-Залужжа-Ліпск-Востраў па месцах баявой славы  часоў Вялікай Айчыннай вайны.  Велапрабег да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і Дня пісьменства пачаўся з Востраўскай сельскай бібліятэкі і доўжыўся да Тухавіцкай сельскай бібліятэкі. І, канешне, былі сустрэчы ў кніжных гасцёўнях.
Сёлета ў Востраўскай СШ стартаваў праект  «Здарова жыць  школьнай сям’ёй».  Прыйшоў час новых спартландый, малых алімпійскіх гульняў,  кірмашоў здароўя, і шмат чаго карыснага і пазнавальнага.
Юрый Дзямід,
настаўнік Востраўскай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *