Без права на памылку

Падзячнае пісьмо райвыканкама накіравана Паўлу Паўлавічу Здановічу за актыўную грамадскую дзейнасць, асабісты ўклад у развіццё ветэранскага руху, патрыятычнае выхаванне моладзі і ў сувязі з 90-гадовым юбілеем.
Дзевяносты верасень Паўла Здановіча выдаўся ў меру сонечным, у меру дажджлівым, не надта яблычным, затое грыбным. У паветры гойдаюцца карункавыя павуцінкі, пад ногі прызямляецца лісцяны дэсант. Прыгожа. Спакойна. Мірна. А вось верасень 44-га спакойным і мірным быць не мог па вызначэнні, таму што наш зямляк (родам з вёскі Востраў) пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкай акупацыі стаў франтавіком. Яго ваенная спецыяльнасць – сапёр.  Першым ступаў на начыненае мінамі поле і дакладна рабіў сваю складанейшую справу. Варыяцый у падыходзе не існавала, не было права на памылку: сапёр памыляецца толькі аднойчы…  Да 1951 года працягвалася яго вайна. Абясшкоджаная Паўлам Здановічам ад мінаў тэрыторыя забудоўвалася, засейвалася, акультурвалася і, самае галоўнае, –  ужо не ўяўляла небяспекі для жыцця. Наогул, дакладнасць – адна з вызначальных рыс характару нашага слаўнага земляка, а яшчэ адказнасць і сумленнасць. Такім ён быў і ў мірнай працы (шмат гадоў узначальваў фінаддзел, раённае аддзяленне дзяржбанка), такі ён у адносінах з любімай жонкай Клаўдзіяй Сяргееўнай, у стасунках з калегамі і сябрамі. Вельмі сціплы, надзвычай надзейны, прыгожы чалавек, адзін з тых, хто ў час ваенных выпрабаванняў змагаўся за Радзіму і перамог.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *