Паўночна-шаўковы шлях

Як і ва ўсіх, хто хоць неяк «завязаны» на сельскую гаспадарку, у працаўнікоў філіяла «Ляхавіцкая міжраённая льнонасенстанцыя» КУП «Брэстільнонасенне» зараз асабліва клапатлівая, адказная пара і максімальна напружаны графік работы. Разгорнута ўборка ўраджаю, чаму, на жаль, умовы надвор’я пакуль не вельмі спадарожнічалі.

Каб у тэрмін і з патрэбнай якасцю справіцца з сезоннымі аб’ёмамі работ, ільнонасенстанцыя мае неабходнасць у карэкціроўцы свайго штатнага саставу. На дапамогу 17-ці пастаянным работнікам прыходзіць больш за дзясятак сезоннікаў, якія на працягу прыкладна двух месяцаў заняты ў полі памочнікамі машыністаў, на складзе, аперацыях з насеннем. Дырэктар ільнонасенстанцыі Аляксей Раманаў так абазначае задачы падначаленай яму структуры: галоўны прыярытэт – сортаабнаўленне і сартазмена насення льну. Пад першым трэба разумець павышэнне рэпрадукцыйнага (а працуюць тут, як правіла, з «элітай»), складу насеннага матэрыялу, які выкарыстоўваюць ільнаводы раёна, вобласці і не толькі. Сартазмена азначае рост да прамысловых аб’ёмаў і выпуск у рынак «свежых» сартоў ільнонасенпрадукцыі. Схема можа быць прадстаўлена ў наступным выглядзе. Спецыялізаваны навукова-даследчы інстытут выводзіць новы сорт ільнонасення. Станцыя набывае яго ў колькасці, напрыклад, 500 кілаграмаў – на развод. Высявае, вырошчвае, убірае. І так некалькі гадоў, за якія першачарговыя паўтоны могуць трансфармавацца ў 50 тон. Пры гэтым спецыялісты насенстанцыі назіраюць за «паводзінамі» таго ці іншага сорту – у розных умовах, на розных палях. Пасля прадаюць, а ў якасці бонусаў пакупнік (часта гэта льнозаводы) атрымлівае рэкамендацыі на прадмет адметнасцяў сяўбы-вырошчвання.
Але не насеннем адзіным. У дадатак да 180 планавых тон насення, прадпрыемству належыць сабраць і тысячу тон ільнотрасты.
– Відавочна, што прыродныя акалічнасці забралі ў нас працэнтаў 30 ураджаю. І насення, і трасты. Лён кароткаствольны, нават на адной расліне сустракаецца неадначасовае паспяванне галовак. Збор, канешне, будзе меншым, чым у адзін з папярэдніх гадоў. Тады мы з параўнальных па памеру плошчаў сабралі больш за 200 тон насення і 1200 тон трасты, – гаворыць дырэктар.
Іх сёлетнія пасяўныя плошчы ўмяшчаюцца ў 260 гектараў. Размешчаны на землях ААТ «Жарабковічы» (150 гектараў) і «Шлях новы». Агульны клін фарміруюць усяго тры палеткі. Да фінішнай аперацыі, а гэта прасаванне і вывазка рулонаў трасты, на момант «палявога выхаду» раёнкі арганізацыя яшчэ не прыступала. Працягвалася церабленне культуры, ачэсванне льняных стужак. Каб справіцца са сваімі аб’ёмамі палявых работ і людзям, і тэхніцы даводзіцца ўключаць рэжым напружання. На ўсё пра ўсё на ўзбраенні льнонасенстанцыі – пяць прэсаў, па два абарочвальнікі і ачэсвальнікі-абарочваль-нікі. І адзіны экземпляр ільноцерабілкі. Апошняе азначае, што Дзмітрыю Арлоўскаму, які з’яўляецца яе кіроўцам, належыць аднаму выцерабіць усе пасеяныя і вырашчаныя гектары. Многае зроблена, але і наперадзе нямала яшчэ церабільных клопатаў. Зрэшты, дырэктар не сумняваецца ў магчымасцях свайго падначаленага, адзначае яго працаздольнасць, прафесійную шматпрофільнасць. Пачынаючы з вясны, Дзмітрый у полі. Працаваў на ўнясенні мінеральных удабрэнняў, на сяўбе ўсіх 260 гектараў, на работах па доглядзе ўсходаў. І вось церабленне ўсё тых жа 260 уласнапасеяных гектараў.
Мы засталі Дзмітрыя за работай, за рулём і джойсцікам церабільнай машыны. Кароткі прыпынак – і зноў у шлях.
У залежнасці ад стану надвор’я, але не менш як з пяцідзённым «адставаннем» ад церабілкі на палявую пазіцыю выходзіць іншы агрэгат – камбайн, паколькі за адзін праход выконвае аперацыю ачэсвання галовак і адначасова абарочвае стужку льну. Іменна гэты агрэгат і з’яўляецца непасрэдным здабытчыкам насення. На той момант і ў тым месцы камбайнам кіраваў Сяргей Пранчак. У якасці другога нумара экіпажа выступаў Васілій Маляр. Апошні пазаштатнік: як і добры дзясятак іншых работнікаў на працу ў ільнонасенстанцыю Васілій уладкаваўся на час «вялікага сезона». Самае жаданае, пра што гэтымі днямі мараць усе аграрыі, – уборачнае надвор’е. Хопіць яму ўжо блытаць карты.

ДАРЭЧЫ

Сярод дзелавых партнёраў Ляхавіцкай ільнонасенстанцыі сейбіты не толькі раёна і Брэстчыны. Мінулай вясной, напрыклад, частку свайго пасяўнога матэрыялу ляхавічане адправілі ў іншыя вобласці краіны.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Сяргей Пранчак і Васілій Маляр

Дзмітрый Арлоўскі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *