Вы не сказалі «так», мілорд. Вы не сказалі «не»…

Праўда, у любімым многімі пакаленнямі тэлегледачоў фільме пра мушкецёраў каралева Ганна Аўстрыйская герцагу Бэкінгему спявала крышачку інакш: «Я не сказала «так», мілорд. Вы не сказалі «не». Але ж у нас гаворка не пра рамантычныя пачуцці паміж каралевай і герцагам, таму дазволім лёгкую слоўную аранжыроўку вядомай песенькі, якая прыйшла на памяць зусім з іншай нагоды.
…У жнівеньскіх «Ста радках…» пад назвай «Л. Л.  А вы?» мы працытавалі Статутную грамату Тураўскай Епархіі 1005-1006 гг., у прыватнасці, такія радкі: «Се аз, князь великий киевский Василий, нарицаемый Владимер, умыслих со своею княгинею Анною и з детьми своими: с сыном Изяславом и Мьстиславом, Ярославом и Всеволодом, Борисом и Глебом, и со всеми детьми, и з боляры своими третие б(о)гом(о)лие епископию постави(х) в Турове в лето 6513 (1005 г.).   И придах к неи городы с погосты в послушание и священие и благословение держати себе Туровскои епископии: Пинск, Новгород, Городен, Слоним, Берестеи, Волковыеск, Здитов, Небле, Степан, Дубровица, Высочко, Случеск, Копыл, Ляхов, Городок, Смедян. И поставих перваго епискупа Фому, и придах села, винограды, земли бортные, волости со всеми придатки, озера, реки, тако и в мыте, и на торгу, и на перевозах десятую неделю, десятый пеняз и от жита десятая копа святому Спасу и святеи богородицы…». Менавіта назва «Ляхов» зацікавіла аднаго земляка аж да пытання ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі: ці не пра нашы Ляхавічы ўзгадваецца? Калі такая верагоднасць існуе, то горад можа аказацца больш дарослым, чым лічыцца сёння. Падкрэслю, што гэта не сцвярджэнне, не спроба жаданае выдаць за сапраўднае, а ўсяго меркаванне, дапушчэнне. Канешне, хацелася б, безумоўна, і вельмі. Але не ўсё так проста, хутчэй зусім не проста.
Доктар гістарычных навук, прафесар Віталій Голубеў нашаму земляку на яго пытанне адказаў наступнае: «Справа ў тым, што ніхто з гісторыкаў не можа катэгарычна сцвярджаць, што ў грамаце ўпамінаецца менавіта цяперашні  г. Ляхавічы. Як мы не можам сцвярджаць і тое, што гаворка ў грамаце ідзе не пра сучасны  г. Ляхавічы». «Магчыма, будуць знойдзены новыя дакументы, і мы зможам устанавіць больш дакладны ўзрост г. Ляхавічы. На жаль, цяперашні ўзровень гістарычнага крыніцазнаўства не дазваляе гэтага зрабіць сёння» – разважае адзін, лічу, з самых кампетэнтных у гэтым пытанні гісторыкаў. Ён дадае, што ў 80-я гады мінулага стагоддзя пры падрыхтоўцы да выдання кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён» вельмі ўважліва і прафесійна вывучалі ўсе дакументы, што адносяцца да гісторыі Ляхавіч, навукоўцы Міхаіл Спірыдонаў і Віталій Скалабан (дарэчы, наш зямляк).
І яшчэ, не толькі ўзгаданая Статутная грамата Тураўскай Епархіі «дапамагла» гораду Капылю пасталець на 268 гадоў (пра гэта таксама ішла гаворка ў жнівеньскіх «Ста радках…»), але і матэрыялы археалагічных раскопак.
У Ляхавічах такіх раскопак не прыпомню. Ля вёскі Свяціца – былі, і археолагі знайшлі там стаянкі людзей часоў мезаліту. Памятаю, як не зважала ні на полчышчы камароў у тых балоцістых мясцінах, ні на пякучае сонца, настолькі неверагодным здаваўся расказ навукоўцаў і сузіранне мяхоў са знойдзенымі прымітыўнымі прыладамі з каменя, якімі карысталіся старажытныя людзі. Магчыма, і ў ляхавіцкіх ваколіцах калі-небудзь «адкапаюць» археолагі сенсацыю, якая падкарэкціруе-ўдакладніць узрост нашага гарадка. Пакуль жа інтрыга застаецца: і наконт сапраўднасці той самай Статутнай граматы, і наконт геаграфічных каардынат упамянутага мястэчка «Ляхов».
…Вы не сказалі «так», мілорд. Вы не сказалі «не»…

Вольга БАРАДЗІНА.

 


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *