Такія людзі! Чалавек з Заводскай

Яны лепшыя. Гэта калі вельмі коратка пра нашых землякоў, якія ва ўрачыстай абстаноўцы ў святочны дзень 3 ліпеня атрымалі дыпломы ўладальнікаў ганаровага звання   «Чалавек года» за высокія дасягненні ў працы і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна па выніках работы за 2017 год. Прапануем разам з «ЛВ» завітаць па іх працоўных адрасах і пазнаёміцца бліжэй з гэтымі неверагодна цікавымі людзьмі.

Аднаму з лепшых у Беларусі прадпрыемстваў па здабычы і перапрацоўцы торфу – ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» – сёлета споўнілася 45 гадоў. На працягу трох з паловай дзесяцігоддзяў з заводам звязана працоўная біяграфія яго сённяшняга дырэктара Уладзіміра Гунько. Хаця, дзеля справядлівасці варта адзначыць, яшчэ школьнікам Валодзя часта прыбягаў на заводскую вагавую, дзе працаваў яго бацька Павел Іосіфавіч. З дзяцінства цвёрда ведаў, што будзе торфабрыкетчыкам. У працоўнай кніжцы выпускніка політэхнічнага інстытута Уладзіміра Гунько першы запіс датаваны 1982 годам: прыняты на торфабрыкетны завод старшым дыспетчарам. З уласцівай яму адказнасцю ўзяўся за справу і, хоць выдатна валодаў тэорыяй, заўсёды стараўся вучыцца ў тых, хто даўно шчыраваў на прадпрыемстве.
– Да маладых на заводзе заўжды ставіліся па-бацькоўску, дапамагалі, падтрымлівалі, раілі і, канешне ж, вучылі – гэта не толькі школа вытворчасці, але і жыцця. І сёння настаўніцтва актуальна, таму і запатрабавана. Старэйшыя торфабрыкетчыкі бяруць пад шэфскае крыло навічкоў з першых дзён іх работы, – гаворыць дырэктар ТБЗ.
Амаль 30 гадоў Уладзімір Паўлавіч быў намеснікам дырэктара, таму пра здабычу, перапрацоўку торфу, прадукцыю, рынкі збыту ведае ўсё, як і ўсіх завадчан – яны землякі. Ды і сам Гунько, лічы, тутэйшы – родам з Гуты.
– Трэці год запар вытворчасць прадукцыі плюсуе. Па выніках мінулага года наш завод увайшоў у тройку лепшых торфаперапрацоўчых прадпрыемстваў краіны. Спадзяёмся, што сёлетні паказчык будзе яшчэ больш важкім. І ўсё робім для гэтага: прадаўжаем мадэрнізацыю, укараняем сучасныя тэхналогіі, наладжваем выпуск новай прадукцыі. Створаны належныя ўмовы працы, асаблівая ўвага на тэхніку бяспекі, зарплата ў завадчан дастойная. З пачатку сезона-2018 нарыхтавалі 275 тысяч тон торфу – на трэць больш мінулагодняга, – заўважае Уладзімір Гунько.
Спажыўцы больш як двух дзясяткаў рэгіёнаў Беларусі ацяпляюць свае дамы тухавіцкімі брыкетамі. Развіты і экспартны накірунак збыту. Прыкладна трэцяя частка прадукцыі ТБЗ адпраўляецца ў 11 краін замежжа, сярод якіх Расія, Фінляндыя, Швецыя, Польшча, Германія, Літва, Латвія, Эстонія. І айчынных, і замежных пакупнікоў тухавічане «купілі» высокай якасцю і даступным коштам.
Год малой радзімы для Уладзіміра Гунько асаблівы. Уладзімір Паўлавіч – двойчы «Чалавек года». Званне «Чалавек года Брэстчыны-2017» у галіне паліўна-энергетычнага комплексу яму было прысвоена сёлета напачатку мая. А праз два месяцы дырэктар торфабрыкетнага стаў «Чалавекам года» ў раёне ў намінацыі «прамысловасць, бытавое абслугоўванне, гандаль і паслугі».
– Званні, узнагароды – заслуга ўсяго калектыву. З такімі адносінамі да работы, як у нашых торфабрыкетчыкаў, па сілах любыя задачы, – перакананы кіраўнік ТБЗ «Ляхавіцкі».

Галіна КАНЬКО.

Фота Маргарыты КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *