І свет становіцца лепшым!

▲У дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» прыняў удзел старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі.

Ляхавіцкая карта добрых спраў дабрачыннага марафону «Нашы дзеці» ўся ў кропках-адрасах, куды завіталі нераўнадушныя землякі, каб стварыць свята для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак.
У дзіцячыя дамы сямейнага тыпу завітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі. Па вуліцы Інтэрнацыянальная размясціліся адразу два такія «шчасліва-шумныя» адрасы. У той дзень сям’я Страмавус рыхтавалася да сустрэчы Новага года. І як жа класна ў гэтай радаснай мітусні стаць галоўнымі героямі для сюрпрызу.

Кіраўнік раёна павіншаваў са святамі старэйшых Страмавусаў і іх шчаслівую дзіцячую дзясятку. У дамашнім інтэр’еры сям’і цяпер з’явіўся падарунак ад райвыканкама – двух’ярусны ложак дзеткам прыйшоўся даспадобы. Аляксандр Камінскі пацікавіўся, як жывецца ў сям’і, якімі справамі займаюцца, кім мараць стаць хлопчыкі і дзяўчынкі.
Суседзі – сям’я Канапельчанка таксама дзіцячы дом сямейнага тыпу. Гасцей сустракалі радасна. Гучалі скрыпка, баян, акардэон, фартэпіяна, а яшчэ цудоўныя песні і вершы ў выкананні семярых юных членаў сямейства. Аляксандр Камінскі павіншаў усіх з Новым годам і ўручыў падарункі. А дзеці падзяліліся са старшынёй райвыканкама ўражаннямі ад адпачынку ў аздараўленчым лагеры «Чайка», пагаварылі пра будучыню і, канешне, падзякавалі за ўвагу да іх і за падарункі. І мама Лідзія Іванаўна, і дзеткі сцвярджалі, што новая пральная машына стане добрым памочнікам у хатніх справах .
Да віншаванняў далучыліся намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, начальнік аддзела па адукацыі Святлана Якубоўская, старшыня РК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Бялецкая.
Як жа шчыра выказаў агульныя эмоцыі адзін з маленькіх гарэз, калі трымаў у руках падарунак:
– Вось і пачынаецца сапраўдны Новы год!
Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» зноў паказвае, што для шчасця трэба ўвага, клопат, нераўнадушнасць. А яшчэ тое, што ў свеце многа шчырых, добрых, неабыякавых людзей, якія вераць, што з кожнай дзіцячай усмешкай свет становіцца лепшым. І гэта сапраўды так!
Маргарыта КУХТА.