Востраў. Войцікам

Барыс і Ірына Войцікі.

Паміж гэтымі здымкамі паўстагоддзя.

Спрадвечны расклад: мужчына здабывае маманта, жанчына падтрымлівае агонь у сямейным ачагу. Тысячагоддзі мінаюць, і хаця маманты даўно вымерлі і кастрышча застаецца хіба што пасля пікніка, ідэя тая самая, праўда, магчымы варыяцыі на тэму.
Як, напрыклад, у Войцікаў з аграгарадка Востраў. Ніколькі не адмаўляючы яго энергічнага, нават лідарскага характару, асабіста мне здаецца, што дырыжыравала ў іх сямейным аркестры ўсё ж яна. І не толькі таму, што дырыжорская дысцыпліна ўваходзіла ў вучэбную праграму Баранавіцкага музвучылішча, якое скончыла Ірына Мікалаеўна, але і з-за гарманічнасці, настойлівасці, дыпламатычнасці, зрэшты, неардынарнасці яе творчай натуры.

Барыс Іванавіч працаваў пераважна на кіруючых пасадах. Калгасы «Беларусь», «Канюхі», «Шлях камунізму» ў яго біяграфіі пазначаны добрымі справамі і памкненнямі. Не ў меншай ступені – старшынёўства ў райкаме прафсаюза работнікаў АПК і ў Востраўскім сельскім савеце дэпутатаў. Войцік ёсць Войцік: і ў сур’ёзных пачынаннях ён не падводзіў, і з людзьмі лёгка знаходзіў агульную мову, і анекдоты ў кампаніі сыпаў – рагаталі ўсе.
У працоўнай кніжцы жонкі два галоўныя адрасы – Ляхавіцкая і Тухавіцкая школы мастацтваў. Пакуль ён вырашаў глабальныя праблемы, Ірына дырыжыравала, вобразна кажучы, і на занятках шматлікімі юнымі меламанамі, і дома сваімі Войцікамі (дачка і сын падрасталі).
На працу, як на свята, дадому – тым больш. Гэта заўсёдны настрой Ірыны Мікалаеўны. Каэфіцыент карыснага дзеяння ў яе за сто працэнтаў. Усё пераробіць, перачытае, перадумае, а іншы раз і на музыку свой настрой перакладзе. А землякі да ўсяго іншага ведаюць яе як заўзятага знаўцу і аматара народнай культуры: ахвотна, з жаданнем яна і сёння адыгрывае далёка не апошнюю ролю ў папулярнасці самабытнага ансамбля «Вастраўчане».
У кожнага чалавека ў жыцці ёсць пэўныя знакавыя моманты. Нічога звышнатуральнага, аднак, згадзіцеся, красамоўны факт: дыплом за № 1 Баранавіцкага музвучылішча быў выпісаны на яе імя. Здаецца, праграмаванне на тое, каб ніколі не адставаць, не згубіцца ў натоўпе, не прамаўчаць, калі трэба гаварыць ці… спяваць. Кантактная і добразычлівая, Ірына Мікалаеўна пра штосьці расказвае словамі, а пра штосьці – музыкай. І ў абодвух выпадках гэта ясна, зразумела і вобразна.
Яшчэ адно вызначальнае супадзенне абставін, а, магчыма, не супадзенне, а ўзаемазалежнасць. Барыс Войцік узначальваў райкам прафсаюза работнікаў АПК, а Ірына Войцік перамагла ў рэспубліканскім конкурсе на стварэнне гімна беларускіх прафсаюзаў. Калі гучыць ён на прафсаюзных форумах, ведайце і не забывайце, што аўтар слоў і музыкі наша сціплая зямлячка.
Гавораць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Мяркуючы па Ірыне Мікалаеўне, гэта дакладна так. Да нядаўняга яна ганяла на скутары. Баяніст-віртуоз –   гэта пра яе. За словам трапным у кішэню не палезе – размаўляць з ёй задавальненне. І што гаспадыня адмысловая – не сакрэт. Дагэтуль дарослыя дзеці даказваюць, што катлеты і бліны ў маміным выкананні – непераўзыдзеныя і «гучаць» не горш любімай мелодыі на яе любімым інструменце. А лепшы аргумент на карысць – аднагалоснае «ўра!» унукаў, калі садзяцца за накрыты бабуляй стол.
Роўна 50 гадоў мінула, як юныя Барыс і Ірына пачалі свой сумесны шлях. Такая цікавая дарога, столькі пройдзена, пражыта і перажыта, але, мяркую, што яны зусім не стаміліся…

Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА, з архіва «ЛВ» і з сямейнага архіва Войцікаў.

Гасцямі аўтара прафсаюзнага гімна Ірыны Войцік часта бываюць
прафсаюзныя лідары вобласці.