Эксперыментальны «Сцім» на дарогах Ляхавіччыны

Літаральна некалькі тыдняў таму ў ДРБУ-200 з’явілася не зусім звычайная ўстаноўка, дакладней кажучы, — адзіная ў сваім родзе на ўсёй тэрыторыі краіны. Яе замежныя аналагі ёсць у некаторых дарожных арганізацыях. А вось менавіта такая, зробленая ў Беларусі, пакуль у адзіным экземпляры, які зараз праходзіць выпрабаванні на дарогах нашага раёна, дзе выконвае свае асноўныя функцыі: выкарыстоўваецца для ямачнага рамонту.
— Устаноўка «Сцім-5000» — эксперыментальны ўзор, выпушчаны па сучасных еўрапейскіх тэхналогіях у Брэсце. Пры зборцы канструктары імкнуліся выключыць усякія неда-працоўкі, праблемы, якія мелі месца ў замежных узорах, сабралі самае лепшае і ўвасобілі напрацоўкі і разлікі ў «Сцім-5000», якая зманціравана на шасі МАЗа. Прынцып яе дзеяння струменна-ін’екцыйны (шчабёнка па спецыяльным рукаве падаецца пад уздзеяннем сціснутага паветра, а на выхадзе змешваецца са спецыяльнай бітумнай эмульсіяй і за паўняе яму, — расказвае пра спецыфіку работы новай устаноўкі начальнік ДРБУ-200 Сяргей Лаптановіч.
Ідэяй купіць аўтаматызаваную сучасную памочніцу ў рамонце дарог Сяргей Мікалаевіч загарэўся адразу, як ўзначаліў арганізацыю. Толькі аднаму яму вядома, колькі праектаў і прапаноў давялося вывучыць, колькі кабінетаў прайсці і ў колькі дзвярэй пастукацца, вырашыць фінансавыя пытанні, каб нарэшце цуд тэхнікі пачаў займацца ямачным рамонтам дарог у Ляхавіцкім раёне. Устаноўка дала сапраўдны бой ямам, поўнасцю выключаючы ручную працу, спачатку на дарогах праз Заполье, Востраў, Набярэжную. На гэтым тыдні пад яе прыцэлам будуць дарогі праз Галаўнінцы, Стральцы, Ліпск, потым — Канюхі, Нача… Як мяркуе Сяргей Лаптановіч, калі ўсё пойдзе належным чынам, то з дапамогай «Сцім-5000» будуць поўнасцю зняты пытанні па ямачным рамонце дарог у сельскай мясцовасці.
Новая ўстаноўка, дазваляе рамантаваць дарогі не толькі больш хуткімі тэмпамі, але і значна якасней. Яна працуе без абмежаванняў і ў дождж, і ў спякоту.
— За змену (8 гадзін) «Сцім-5000» ліквідуе ямы ў сярэднім на 150 квадратных метрах, замяняючы работу адразу дзвюх брыгад дарожнікаў (10 чалавек) пры ручным рамонце, — расказвае пра плюсы новага апарата кіраўнік ДРБУ-200. А вызваленыя рабочыя рукі знаходзяць прымяненне на іншых аб’ектах. Да таго ж, расход матэрыялаў цяпер у 5 разоў меншы, чым пры ручным рамонце дарог, што таксама немалаважна.
Як падкрэсліў Сяргей Лаптановіч, выпрабаванні будуць прадаўжацца, пакуль не з’явіцца цвёрдая ўпэўненасць у тым, што ніякіх адмоў і збояў у рабоце ўстаноўкі не будзе. Потым яе адправяць у Мінск для сертыфікацыі гэтай мадэлі.
А пакуль устаноўка, якой кіруюць вопытныя дарожнікі аператар Дзмітрый Багдановіч і вадзіцель Аляксандр Шыбкоўскі, паспяхова і якасна змагаецца з ямамі. Дзмітрый і Аляксандр задаволены новай тэхнікай і клапоцяцца пра яе, здуваючы парушынкі ў прамым сэнсе гэтага слова.
— Яшчэ ў першы працоўны дзень заўважылі, што ўстаноўцы патрабуецца значна менш расходных матэрыялаў, а ў эксплуатацыі яна даволі простая і эфектыўная. Працаваць на ёй — адно задавальненне, — расказвае Дзмітрый Багдановіч.
— У 7 гадзін раніцы мы ўжо на запраўцы, іншы раз працуем да 20 гадзін. Але стомленасці, паверце, зусім не адчуваем. Азірнешся, паглядзіш на «запламбаваную» яму і з упэўненасцю можаш сцвярджаць: зроблена якасна, — дапаўняе напарніка вадзіцель Аляксандр Шыбкоўскі.
Галіна КАНЬКО.
Фота  Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Эксперыментальны «Сцім» на дарогах Ляхавіччыны

  • 15/08/2012 в 22:43
    Permalink

    И в Ляховичах стали появляться современные руководители. И немаловажно — молодые и перспективные.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *