Галоўныя прыярытэты. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу

Прэзідэнт Беларусі  Аляксандр Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што дабрабыт народа, міралюбівая знешняя палітыка, нацыянальная бяспека – тры стаўпы ўпэўненага курсу нашай краіны.

Дзяржава Беларусь

Народ Беларусі, прайшоўшы праз выпрабаванні, змог стварыць сваю дзяржаву. Гэты факт адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.
«Рэспубліка Беларусь з’явілася на карце свету амаль тры дзясяткі гадоў таму. Набыўшы незалежнасць, будавалася і развівалася ва ўмовах найскладанейшых геапалітычных, эканамічных, грамадскіх, рэгіянальных і глабальных трансфармацый. Мы знаходзіліся пад пільнай увагай сусветнай супольнасці. За намі назіралі. Ацэньвалі. Часам навешвалі ярлыкі і ставілі ва ўмовы эканамічнай і палітычнай блакады. Але праз церні санкцый, выпрабаванні сусветнымі крызісамі мы выйшлі да намечаных мэт.

У цэнтры Еўропы стварылі сваю краіну. Мірную, стабільную і вельмі прыгожую. Беларусь. Краіну для жыцця», –  заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што за параўнальна кароткі час была выбудавана новая дыпламатычная лінія знешняга ўзаемадзеяння. Беларусь выступіла не толькі ініцыятарам, але і актыўным удзельнікам еўразійскіх інтэграцыйных праектаў. «Змаглі захаваць нейтралітэт адносна вядомых глабальных і рэгіянальных канфліктаў. Звярнуліся да сусветнай супольнасці з заклікам да новага шматбаковага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва, – нагадаў Аляксандр Лукашэнка. – Занялі цвёрдую пазіцыю ў сучаснай геапалітычнай сістэме. Развіваючы адносіны з нашымі стратэгічнымі саюзнікамі і замежнымі партнёрамі ў розных частках зямнога шара, ні на крок не адступілі ад прынцыпаў самастойнага прыняцця рашэнняў, якія падпарадкаваны ўласным нацыянальным інтарэсам, але ні ў якім разе не супярэчаць іншым народам і, перш за ўсё, нашым суседзям».
«У пытаннях суверэнітэту і бяспекі ў нашай знешняй і ўнутранай палітыцы не было і не будзе месца ніякім кампрамісам. Неаднаразова перажыты вопыт раздзялення беларускага народа і перакройвання граніц прымушае нас высока цаніць сённяшняе адзінства і тэрытарыяльную цэласнасць», – падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым падкрэсліў, што памяць аб Вялікай Айчыннай вайне непахісная і святая: «Так, наша гісторыя пачалася больш як тысячу гадоў таму, але яна цалкам магла б скончыцца ў 40-я гады мінулага стагоддзя, калі б не гераізм нашага савецкага народа. У дзень 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў мы будзем адзначаць важную для нашай дзяржаўнасці дату. Дату, якая стала сімвалам незалежнасці і свабоды роднай зямлі».
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у гэты знакавы год трэба падарыць краіне яркія мірныя перамогі: «Прыняць маштабныя міжнародныя спартыўныя пяршынствы. Дастойна, як мы ўмеем гэта рабіць, сустрэць шматлікіх замежных гасцей, спартсменаў і балельшчыкаў. І, вядома, мы павінны прадоўжыць ажыццяўляць наш вялікі дзяржаўны праект «Малая радзіма».
«Усё гэта – задачы на бліжэйшую перспектыву. Безумоўна, вельмі важныя для Беларусі.
Але галоўныя прыярытэты – дабрабыт народа, міралюбівая знешняя палітыка, нацыянальная бяспека. Гэта тыя тры стаўпы ўпэўненага курсу нашай краіны», – рэзюмаваў беларускі лідар.

Пра эканоміку і развіццё бізнесу
Прэзідэнт падкрэсліў, што моцная эканоміка – фундамент паспяховай дзяржавы і за гады незалежнасці ў Беларусі зроблена нямала. Так, вала-вы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці вырас амаль у 5 разоў, а аб’ём прамысловай вытворчасці – у 2,5 раза.
«Мы не сталі на шлях бескантрольнага перадзелу ўласнасці. Не знішчылі ўсю тую спадчыну, якая стваралася дзесяцігоддзямі на выпаленай пасляваеннай зямлі. Мы яе захавалі і прымножы-лі», – звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Усё гэта, паводле яго слоў, было дзякуючы працы людзей, якія ў пачатку незалежнасці і пры зарплатах $20 верылі ў Беларусь і аднаўлялі тое, чым сёння ў краіне па праву ганарацца. «Удыхнулі новае жыццё ў прадпрыемствы, якія былі на мяжы страты і разарэння ў пачатку дзевяностых. Многія аб гэтым памятаюць. «Беларуськалій», нафтаперапрацоўчыя заводы, БелАЗ, МАЗ, МТЗ, БМЗ – гэта далёка не ўвесь пералік. Іх прадукцыю без усялякага перабольшання ведаюць ва ўсіх кутках планеты. Сёння гэта стала нашым нацыянальным здабыткам», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь, падкрэсліў Прэзідэнт, не спыняецца на дасягнутым: у краіне ствараюцца новыя ўзоры спецыяльнай тэхнікі, электратранспарту, аўтамабіляў і камплектуючыя да іх, інавацыйная сельскагас-падарчая і ваенная тэхніка.
«Мы прадаставілі дастойныя ўмовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Справа за ім. Дзейнічайце. Але памятайце, што вакол нашых гігантаў вам заўсёды знойдзецца работа. Гэтым мы вырашым асноўныя задачы: стварэнне новых рабочых месцаў і імпартазамяшчэнне», – дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Прэзідэнт заўважыў, што заклікі да развіцця малога і сярэд- няга бізнесу часам даюць адваротны эфект: людзі не ствараюць новыя вытворчасці, а займаюцца дробным гандлем. «Нам прыводзяць прыклад: паглядзіце, дапусцім, на Італію. Дык я вам намякну, што ў Італіі сярэдні бізнес стварае ўсё – ад музычных інструментаў да самых сучасных узбраенняў», – звярнуў увагу Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што ў Беларусі вітаюць такі малы і сярэдні бізнес і будуць яго ўсяляк падтрымліваць, аднак не трэба забываць аб прадпрыемствах, якія прыносяць краіне славу і багацце.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба спыніць практыку, калі прадпрыемствы імкнуцца кампенсаваць сваю безгаспадарчасць бюджэтнымі сродкамі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў апошнія гады ў краіне мадэрнізавана больш за пяцьсот буйных прамысловых прадпрыемстваў. Створаны новыя вытворчасці ў дрэва- і металаапрацоўцы, будаўнічай і тэкстыльнай галінах, фармацэўтыцы, харчовай прамысловасці, якія, паводле слоў Прэзідэнта, сёння працуюць дастойна і эфектыўна.
«Разам з тым выкананне асобных праектаў, мякка кажучы, неапраўдана зацягнулася. Перш за ўсё гэта датычыцца Светлагорскага ЦКК, Добрушскай фабрыкі «Герой працы», завода газетнай паперы ў Шклове, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – І па прычыне існуючых акаліч-насцей трэба асаблівую ўвагу звярнуць на хутчэйшае завяршэнне мадэрнізацыі двух нафтаперапрацоўчых заводаў, каб мы не хадзілі з працягнутай рукой, нікому не кланяліся, а куплялі, як усе, на сусветным рынку нафту, перапрацоўвалі ў сябе і атрымлівалі пэўны прыбытак. Мы на фінішнай стадыі. Трэба паскарацца».
Ураду даручана завяршыць рэалізацыю асноўных інвестыцыйных праектаў у бліжэйшыя два гады і вывесці іх на эфектыўную работу, забяспечыўшы стапрацэнтную загрузку магутнасцей.
«Беларусь індустрыяльная – наш шлях развіцця. Мэта – стварэнне камфортнага жыцця ў кожным кутку краіны. Прынцыпова важна выключыць усё тое, што сёння стрымлівае эканамічны рост. Для ўрада і Нацыянальнага банка гэта першарадная задача», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Пра даходы і цэны
«Для стрымлівання росту цэн патрабую ад урада ствараць асяроддзе для здаровай і сумленнай канкурэнцыі. У асобных манапольных галінах ёсць спробы дыктаваць свае цэны і тарыфы, таму жорстка спыняйце цэнавую змову, выраўноўвайце ўмовы, адмяняйце ўсялякія індывідуальныя льготы, – даручыў Аляксандр Лукашэнка. – Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Камітэту дзяржаўнага кантролю, прафсаюзам і іншым упаўнаважаным дзяржорганам – строга сачыць за тым, каб закон не парушаўся».
Даходы насельніцтва, іх рост застаюцца ў ліку прыярытэтных дзяржаўных задач. У асобных катэгорый работнікаў навукі, адукацыі, аховы здароўя, будаўніцтва ў мінулым годзе вырасла заработная плата. Але, як паказваюць звароты, людзей усё яшчэ непакояць перспектывы яе далейшага росту. Асаблівая ўвага – нізкааплатным катэгорыям работнікаў.
«Урад абавязаны забяспечыць суадносіны сярэдняй заработнай платы ў бюджэтнай сферы і сярэдняй па краіне на ўзроўні не ніжэйшым за 80 працэнтаў», – запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
«Калі цэны пачынаюць дзесьці расці, то ўрад, мясцовыя органы ўлады павінны неадкладна рэагаваць. Пры гэтым размова не ідзе аб тым, каб загнуць цэны так, што таваравытворцы або гандаль выйдуць з гэтай сферы, нібыта там усе загінуць, усе будуць стратнымі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Не трэба нават думаць аб тым, што вось мы ўлезем дзесьці, пачнём рэгуляваць цэны і знікнуць з прылаўкаў прадукты, – не той час», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт запатрабаваў абавязкова разабрацца па кожнай канкрэтнай групе тавараў, глыбока ўнікаць у парадак фарміравання цаны на ўсіх этапах і высвятляць, чым выкліканы рост.
Сярэднетэрміновая задача вызначана: неабходна ўтрым-ліваць інфляцыю ў межах 5 працэнтаў. «Гэта агульная лічба. На ўзроўні асабістага ўспрымання інфляцыя ў кожнага свая. Чалавек мяркуе аб росце цэн не па агульнай спажывецкай карзіне, а па найбольш значных 6-8 пазіцыях тавараў і паслуг свайго штодзённага попыту», – адзна-чыў Аляксандр Лукашэнка. Сярод гэтых значных пазіцый – прадукты харчавання. Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь забяспечыла экспарт сельгаспрадукцыі больш як на $5 мільярдаў. «Дык чаму не можам па нармальных цэнах накарміць уласны народ? Адна з прычын – загуляліся ў рынак і дэмакратыю ў эканоміцы», – сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу ўрада, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і прафсаюзаў, што скаргаў людзей на непамерны рост цэн па найбольш значных пазіцыях тавараў і паслуг быць не павінна. Тым больш што змяненне цэн на іх адчувальнае для малазабяспечаных катэгорый грамадзян і пенсіянераў.

Пенсіі будуць расці
Былі закрануты і пытанні пенсій. «У 2018 годзе тройчы павялічаны пенсіі, іх рост павінен быць і ў 2019 годзе. Даручаю ўраду, не адкладаючы, падрыхтаваць праекты неабходных рашэнняў», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Асобнай тэмай Прэзідэнт адзначыў магчымасць для актыўных пенсіянераў прадаў-жаць сваю працоўную дзейнасць. «Нашы пенсіянеры часам выходзяць на пенсію з добрым здароўем, актыўнымі. Трэба даць ім магчымасць працаваць. Гэта вопытныя, таленавітыя, здольныя людзі, законапаслухмяныя», – выказаў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка.

Пра рабочыя месцы  і працаўладкаванне
Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на праблему працаўладкавання і магчымасць грамадзян знайсці добрую работу. «Зніжэнне ўзроўню занятас-ці насельніцтва або скарачэнне колькасці рабочых месцаў недапушчальнае ні па якой прычыне, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – А ўсе, хто іх стварае, атрымаюць усямерную падтрымку на любым узроўні».
Стварэнне высокапрадукцыйных рабочых месцаў застаецца прыярытэтнай задачай, за выкананне якой адказвае ўся вертыкаль улады, адзначыў Прэзідэнт.
На думку Кіраўніка дзяржавы, адным з рашэнняў праблемы занятасці можа стаць мабільнасць рабочай сілы ў межах краіны. «У гэтым пытанні неабходны сістэмныя прапановы, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Але трэба і самім праяўляць ініцыятыву, каб знайсці сябе на рынку працы».
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на магчымасці працаўладкавання людзей з інваліднасцю, якія жадаюць актыўна працаваць, нягле- дзячы на цяжкасці са здароўем. «Асноўныя задачы тут дзве: стварыць сістэму дадатковых стымулаў для наймальніка, які працаўладкоўвае такіх лю- дзей, і дапамагчы знайсці работу канкрэтнаму чалавеку, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Я назваў бы яшчэ трэцюю: жаданне ўсіх нас падтрымаць такіх людзей. Упэўнены: калі б на месцах старшыні выканкамаў, сельскіх Саветаў, кіраўнікі гарадоў бачылі людзей з абмежаванымі маг-чымасцямі (а іх не так ужо і многа ў краіне) і балелі за іх, як за сваіх дзяцей, яны ўсе былі б працаўладкаваны і нармальна жылі».

ІТ-перспектывы
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: у Беларусі будуецца ІТ-краіна. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Парк высокіх тэхналогій характарызуе сучасную Беларусь для ўсяго свету. «Галоўнае не збаўляць набраныя тэмпы росту і не адрывацца ад надзённых патрэбнасцей эканомікі. Магчымасці, здольнасці і распрацоўкі рэзідэнтаў Парка павінны працаваць у Беларусі і на Беларусь», – падкрэсліў ён.
«Парк – гэта адзін з праектаў нашай будучыні. Выпрацаваны курс на пабудову ІТ-краіны нязменны», – дадаў беларускі лідар.

Пра развіццё  рэгіёнаў
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на раўнамерным развіцці тэрыторый. «У нас вельмі кампактная краіна. І раздзяляльных ліній, асабліва па сацыяльна-эканамічных прыкметах і ўмовах жыцця, не можа быць па азначэн- ні», – сказаў беларускі лідар.
У рэгіёнах пражывае большая частка насельніцтва Беларусі, больш як тры чвэрці зваротаў у час «Вялікай размовы» паступілі з-за меж сталіцы. «Гэта сігналы аб тым, дзе вы не-дапрацоўваеце. Мы недапрацоўваем. Кожны сігнал знаходзіцца на кантролі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Канкрэтны чалавек, канкрэтная праблема, канкрэтнае рашэнне. Кожны дзень. Усе абяцанні, дадзеныя народу, павінны быць выкананы. У гэтым формула нашых паводзін, – сказаў
Прэзідэнт. – Гэта задача для любога без выключэння кіраўніка».

Паводле слоў беларускага лідара, задача па скарачэнні разрыву ва ўзроўні і якасці жыцця стаіць не адзін год, аднак яе актыўнага вырашэння пакуль не назіраецца.
Прэзідэнт лічыць, што ў рэгіёнах з улікам іх спецыялізацыі неабходна надаць мэтавы характар інвестыцыям для ўзмацнення іх эканамічнага патэнцыялу. «Умовы для развіцця прадпрыемстваў любога маштабу і ўсіх форм уласнасці створаны. Мясцовыя органы ўлады павінны аказваць усямернае садзейнічанне інвестару ў арганізацыі сваёй справы. Усё для гэтага ёсць. Дастаткова дакладна выконваць на месцах існуючыя нормы», – дадаў ён.
Асобна Прэзідэнт спыніўся на развіцці інфраструктуры.

«Камфортныя ўмовы пражывання – вось аснова сацыяльных стандартаў і галоўны крытэрый паспяховага завяршэння рэгіянальных праектаў», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аграрныя задачы
«Першая задача для сельскай гаспадаркі – самая строгая дыктатура тэхналогій і вытворчая дысцыпліна. На гэта павінны быць мабілізаваны ўсе: пачынаючы ад кіраўніка гаспадаркі, спецыялістаў, заканчваючы нашай міліцыяй. Другая – актыўнае асваенне новых для нас відаў прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Кожны раён паві-нен бачыць сваю стратэгію ў гэтай галіне. Мяняецца клімат – мяняецца падыход. Трэба вырошчваць тое, што можна, і менш завозіць з-за меж краіны. Неабходна фінансаваць свайго таваравытворцу, як бы гэта ні было для нас складана», – сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што аснова развіцця сельскай гаспадаркі – буйнатаварная вытворчасць. «І ад гэтага мы нікуды не адыдзем. Гэта мадэль даказала сваю эфектыўнасць», – адзначыў ён і звярнуў увагу на тое, што дзяржаўная падтрымка можа аказвацца не толькі буйнатаварным вытворцам, але і фермерам. Прэзідэнт нагадаў, што пры гэтым буйнатаварныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы нясуць велізарную сацыяльную адказнасць. У сваю чаргу фермеры, як правіла, хочуць атрымаць у карыстанне выключна зямлю: «Дайце зямлю, а гаспадаркі не патрэбны… Гэта значыць, не патрэбны сельгаспрадпрыемствы, фермы, комплексы, збожжаток. І самае галоў- нае – вёскі і людзі не патрэбны!» – звярнуў увагу ён.
«Сёння буйнатаварныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы адказваюць не проста за людзей у той старой вёсцы, а займаюцца мадэрнізацыяй гэтых вёсак. Мы пабудавалі аграгарадкі па ўсёй краіне – 1,5 тысячы – не без дапамогі гэтых гаспадарак. І яны бралі крэдыты. Яны закрэдытаваны ў тым ліку і па тых напрамках, якія датычацца дзяржавы, сацыяльнай сферы. Яны будавалі там жыллё, дарогі, ФАПы (фельчарска-акушэрскія пункты. – Заўвага БЕЛТА), магазіны, клубы і г.д і сёння ўносяць велізарны ўклад у іх утрыманне», – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што цяперашні глабальны агратрэнд – вытворчасць арганічных прадуктаў выключнай якасці па зялёных тэхналогіях.

З любоўю да малой радзімы
Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанне азелянення населеных пунктаў. «Прыродны ландшафт Беларусі – наша багацце і гонар. Але і гарады, асабліва жылыя масівы, таксама павінны патанаць у зеляніне і кветках. У бягучым годзе неабходна завяршыць у асноўным работу па добраўпарадкаванні і азеляненні краіны. Гэта лейтматыў другога года трылогіі «Малой радзімы». Чысціня і эстэтыка – гэта не проста наш брэнд, гэта стыль жыцця. У рэшце рэшт, гэта ж здароўе людзей», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што ўсім беларусам неабходна актыўней удзельнічаць у азеляненні, высадцы дрэў. «Мы ўсе без выключэння адказныя за навядзенне парадку і яго падтрыманне. Усе павінны падключыцца да гэтай работы – мясцовыя ўлады, арганізацыі, прадпрыемствы, установы і, вядома, самі жыхары. Няма сумненняў у тым, што нашы людзі сапраўды адчуваюць сябе гаспадарамі на сваёй зямлі, любяць сваю малую радзіму», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Пра выбары
Прэзідэнт адзначыў, што палітычна актыўную частку грамадства хвалюе пытанне будучых выбарчых кампаній: «Не ведаю, чаму раптам гэта стала нейкай тэмай для спрэчак. У нас ёсць закон, Канстытуцыя. Вы цудоўна разумееце, што я не буду тут круціць-вярцець і шукаць нейкую выгаду для захавання ўлады. Некаторыя так званыя палітыкі прапануюць правесці выбары Прэзідэнта ў гэтым годзе, спасылаюцца на стабільную эканамічную сітуацыю, больш-менш спрыяльныя ўмовы».
«Зноў паўтару: не будзем падстройвацца пад якія-небудзь выгадныя фактары, арыентавацца на нейкі зручны момант. Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца ў 2020 годзе. У 2020 годзе яны і пройдуць, што б ні здарылася ў нашай краіне. Мы не будзем гуляць з народам, ладзіць палітычныя гульні пад нейкую адну фігуру. Прэзідэнцкія выбары пройдуць у строгай адпаведнасці з законам ва ўстаноўленыя Канстытуцыяй тэрміны», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.
«Выбарчая кампанія павін-на, як і заўсёды, прайсці спакойна і арганізавана. У гэтым годзе адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. Яны стануць экзаменам не толькі для кандыдатаў у дэпутаты і ўсёй вертыкалі ўлады, але і для кожнага выбаршчыка», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пакуль не вызначаўся па даце, але адзначыў, што, калі гэта прымальна паводле закону, то выбары можна было б прымеркаваць да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. «Ёсць добрае свята. 7 лістапада – выхадны дзень. Па-мойму, прымальна. Давайце будзем да гэтай даты блізка арыентавацца без усялякіх ідэалагічных пасылаў», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў ролю будучага складу парламента: «Нам патрэбны вельмі таленавіты парламент. Таму што ён стане эпіцэнтрам выпрацоўкі Асноўнага Закона разам з Прэзідэнтам. Нам – будучым парламентарыям і мне – ставіць канчатковую кропку ў абноўленай Канстытуцыі нашай краіны».
Прэзідэнт упэўнены, што парламентарыі, як ніхто іншы, павінны тонка адчуваць настроі грамадства, ведаць патрэбы выбаршчыкаў і рэагаваць на іх, працаваць на адзіную мэту – пабудову дзяржавы для народа.
«Мы разбяромся ў новай Канстытуцыі разам з вамі, якой яна павінна быць для нашых людзей. Але мы не будзем рэзаць краіну на часткі. Вось, поўная свабода і адказнасці няма… Я, седзячы ў парламенце, гэта ўжо ўсё праходзіў. Таму мы не хочам вяртацца да таго, што было. І тое, што не атрымалася ў нашых суседзяў, – нам трэба вучыцца на памылках іншых. Настане час, мы разам з вамі сядзем за «парту», возьмем ручкі і пачнём пісаць наш Асноўны Закон. Але ён будзе ў многім абноўлены. І гэты Закон не тое што створыць новую нейкую палітычную структуру і іншае – ён будзе прадаўжэннем таго, што мы з вамі зрабілі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Меркаванні

У Пасланні Прэзідэнта агучаны значныя для кожнага чалавека пытанні, лічыць Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля КАЧАНАВА.
«Пасланне – гэта канцэнтрацыя ідэй і важных напрамкаў, стратэгічных задач, якія трэба будзе рэалізоўваць у цяперашні час, на перспектыву», – падкрэсліла Наталля Качанава.
У гэты раз, па яе меркаванні, як ніколі раней Прэзідэнт зрабіў вялікі акцэнт на захаванні дасягнутага пакаленнямі беларусаў за папярэднія гады, а таксама іншых пытаннях, якія тычацца жыцця кожнага чалавека. «Гэта і дэмаграфія, і здароўе, спорт… Можна гаварыць, што ўсё традыцыйна, але гэта і ёсць самае галоўнае. А што яшчэ для чалавека больш важна?!» – адзначыла Наталля Качанава.
«Кіраўнік дзяржавы гаворыць абсалютна правільна, шануе кожнага чалавека, і мы павінны ганарыцца сваёй краінай, тым, што зроблена за гады незалежнасці Беларусі, – дадала яна.

У Брэсцкай вобласці распрацоўваюць планы комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця для Ляхавіцкага і Маларыцкага раёнаў, паведаміў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс, каментуючы штогадовае Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.
Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні акцэнтаваў увагу на раўнамерным развіцці рэгіёнаў. У Брэсцкай вобласці праграмы ўстойлівага са-цыяльна-эканамічнага раз-віцця ўжо распрацаваны для гарадоў абласнога падпарадкавання Баранавічаў і Пінска, а таксама Баранавіцкага і Пінскага раёнаў. Зацверджаны комплексныя планы развіцця Драгічынскага раёна да 2020 года і Ганцавіцкага – да 2025-га. У бягучым годзе падобныя стратэгіі будуць разгледжаны яшчэ для некалькіх раёнаў вобласці.
«Не ўсе рэгіёны знаходзяцца ў аднолькавых сацыяльна-эканамічных умовах. Пастаўлена задача выраўноўваць сітуацыю сярод сельскіх раё-наў. Людзі павінны жыць дастойна незалежна ад месца пражывання. Мы разгле-дзелі праграмы развіцця на прыкладзе Ганцавіцкага і Драгічынскага раёнаў, плануем такія ж па Ляхавіцкім і Маларыцкім раёнах, каб падняць іх узровень», – сказаў Анатолій Ліс.
Асноўная мэта праграм комплекснага развіцця – забяспечыць больш інтэнсіўнае развіццё рэгіёнаў за кошт рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, стварэння новых прадпрыемстваў і вытвор-часцяў, дадатковых працоўных месцаў. «Гэта забяспечыць занятасць людзей, дастойную заработную плату, што палепшыць умовы жыцця насельніцтва», – падкрэсліў старшыня Брэсцкага аблвыканкама.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.