Ляхавічына:агляд-конкурс на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і тэрыторый

У справе добраўпарадкавання не апошняе месца адыгрывае і спаборніцкі момант: навёў на сваёй тэрыторыі чысціню і парадак, паглядзеў у суседзяў, параўнаў — і зрабіў яшчэ лепш. Разнастайныя конкурсы, агляды, спаборніцтвы, як даўно заўважана псіхолагамі, маюць адчувальны стымулюючы эфект, падштурхоўваюць да творчасці, пошуку арыгінальных і нечаканых рашэнняў. І нават у самай пасіўнай часткі ўдзельнікаў (а заўсёды ёсць і такія) узнікае жаданне зрабіць нешта хаця б не горш за іншых.
Гарадскі агляд-конкурс на лепшае навагодняе афармленне адміністрацыйных і грамадскіх будынкаў стаў у Ляхавічах ужо традыцыйным. Райвыканкам аб’яўляе яго ў снежні некалькі гадоў запар. Вось і сёлета да ўдзелу ў конкурсе запрасілі прадпрыемствы, установы і арганізацыі ўсіх формаў уласнасці. Час падрыхтавацца яшчэ ёсць!
З 20 па 29 снежня конкурсная камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Валерыем Богнатам правядзе агляд і падвядзе вынікі конкурсу. Да ўвагі будуць брацца творчы падыход да афармлення будынкаў і тэрыторый, выкарыстанне светлавога афармлення і тэхнічных сродкаў, маляўнічасць і якасць выканання і г.д.
Пераможцы, як заўсёды, будуць адзначаны дыпломамі райвыканкама і падарункамі. А важкім дадаткам да гэтага стане добры святочны настрой, які ўсім ляхавічанам і гасцям горада падорыць створаная агульнымі намаганнямі навагодняя прыгажосць.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *