Статус са многімі «я». 15 мая — Дзень сям’і

У статусе сямейнага чалавека апынуцца ніколі не позна. Пацвярджае гэта і статыстыка аддзела загса райвыканкама. Сёлета, напрыклад, сталі мужам і жонкай чатыры нашы землякі ва ўзросце 46-50 гадоў. Сярэдні ўзрост нявест-2020 складае 27 гадоў, жаніхоў – 29. Нягледзячы на тое, што з пачатку года ў календары шмат дат  не вясельных, у раёне зарэгістравана  25 шлюбаў.

За чатыры з паловай месяцы на Ляхавіччыне стала больш на 49 маленькіх жыхароў: нарадзіліся 25 хлопчыкаў і 24 дзяўчынкі (з іх 29 – у райцэнтры). Двайная радасць прыйшла ў сакавіку ў сям’ю ляхавічан – сталі бацькамі двойні.
Першае дзіця нарадзілася ў 16 сем’ях, другое ў 18. Дзевяць мамаў і татаў набылі статус мнагадзетных, чацвёртае дзіця нарадзілася ў трох сем’ях, у дзвюх – пятае, у адной сям’і – шостае.
Сярод дзявочых імён з пачатку года лідзіруюць Паліны і Сафіі, крыху адстаюць ад іх Вікторыі, Міланы, Ксеніі і Кіры. У хлопчыкаў «імянных» пераваг не назіралася: найбольш папулярнымі былі Яўгеніі, Іваны, Мікіты і Канстанціны.
Дарэчы, на Ляхавіччыне ў красавіку нарадзілася больш хлопчыкаў, чым дзяўчынак: восем супраць трох. Самай-самай «прадстаўнічай» стала Мілана, якая нарадзілася вагой 3780 грамаў і ростам 54 сантыметры. Дзюймоўкай месяца прызнана цёзка дзяўчынкі – яе вага 2220 грамаў пры росце 46 сантыметраў.
Красавік не адзначыўся колькасцю вяселляў. Толькі пяць пар абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі, прычым чатыры з іх – у райцэнтры, расказала «ЛВ» галоўны спецыяліст аддзела загса Святлана Сталярчук. Сярэдні ўзрост жаніхоў 26 гадоў, нявест – 22. Самым маладым красавіцкім жаніхом стаў 19-гадовы жыхар раёна, нявестай – 17-гадовая зямлячка.
У базе даных тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па стане на 13 мая налічваецца 375 мнагадзетных сем’яў (з іх у горадзе пражывае 190), у якіх выхоўваецца 1253 непаўналетняга дзіцяці. Лідарам па колькасці мнагадзетных сем’яў стаў Жарабковіцкі сельсавет – тут іх пражывае 43, на другім месцы Начаўскі (30), а замыкае топ Навасёлкаўскі сельсавет, дзе налічваецца
28 мнагадзетных сем’яў. На Ляхавіччыне дзве сям’і выхоўваюць семярых дзяцей і дзве – шасцярых. Пяццю дзецьмі могуць пахваліцца 23 сям’і, чатырма – 68.
За пяць гадоў сямейны капітал у раёне атрымалі
279 сем’яў, сёлета звярнуліся за яго назначэннем 19. З пачатку года за датэрміновым распараджэннем сродкамі гэтай дзяржаўнай дапамогі звярнулася і атрымала дазвол 31 сям’я.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.