Прафесія на ўсе часы. Працуе ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы выдатны выкладчык і метадыст заатэхнічных дысцыплін, куратар, старшыня прафкама супрацоўнікаў

Выкладчык і метадыст заатэхнічных дысцыплін, куратар, старшыня прафкама супрацоўнікаў ЛДАКа, а яшчэ абаяльная, цікавая і вельмі энергічная – гэта ўсё пра ляхавічанку Ірыну Дубікоўскую (на здымку). Пералік быў бы няпоўным, калі не дадаць, што яна ў каледжы свая – выпускніца 1997 года.

Прафесійны шлях на пасадзе заатэхніка Ірына Дубікоўская пачала ў Маларыцкім раёне, каб праз чатыры гады спецыялістам ужо з вопытам вярнуцца ў альма-матар. Скончыла Беларускую сельгасакадэмію і атрымала дыплом зааінжынера, мае дыплом выкладчыка заатэхнічных дысцыплін. У ліпені яе працоўнаму саюзу з ЛДАКам споўнілася два дзесяцігоддзі.


– Вельмі люблю калектыў і справу, якой займаюся. Знаходзіцца сярод моладзі – шчасце. Гэта нейкі стымул, «двіж», што не дае спыніцца, – адзначае Ірына Леанідаўна.
З другога па чацвёрты курс яна выкладае на ветэрынарна-заатэхнічным аддзяленні спецдысцыпліну «Кармленне сельска-
гаспадарчых жывёл». Са сваімі навучэнцамі ўдзельнічае ў рэспубліканскіх алімпіядах – без прызавых месцаў не вяртаюцца. Штогод актыўнічаюць на канферэнцыі па выніках праходжання юнакамі і дзяўчатамі тэхналагічнай і пераддыпломнай практыкі. Ірына Дубікоўская з задавальненнем назірае, як сумяшчаюць тэорыю з практыкай яе падапечныя – выязджае ў розныя раёны і вобласці па месцы праходжання практыкі. Для навучэнцаў, у якіх яна куратар, ставіцца, як мама – хвалюецца, ці ўсё ў іх у парадку.
Каб быць у сельгастэме, сочыць за ўсімі навінкамі галіны, падпісана на фермераў-практыкаў, якія пра кармленне жывёл ведаюць калі не ўсё, то многае.
А яшчэ яна адметны кветкавод. Дома на падаконніку ў тры «шарэнгі» выстраіліся вазоны з фіялкамі, пачэснае месца займае экзатычны лайм. Дачка Ангеліна назірае за хобі мамы з павагай: калі яе родны чалавек бярэцца за справу, то робіць гэта з поўнай аддачай.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.