Майстэрства майстроў. Кожны год сярод лепшых работнікаў Ляхавіччыны называюць прозвішчы і працаўнікоў СААТ «Ляхавіцкі малочны завод»

Таццяна Пранчак і Тамара Плескацэвіч.

Кожны год сярод лепшых работнікаў Ляхавіччыны называюць прозвішчы і працаўнікоў СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Па выніках работы за мінулы год партрэт начальніка цэха цэльнамалочнай прадукцыі Тамары Плескацэвіч занесены на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна, а яе калега – начальнік прыёмна-апаратнага цэха Таццяна Пранчак атрымала ганаровае званне «Чалавек года» Ляхавіцкага раёна ў намінацыі «прамысловасць, бытавое абслугоўванне, гандаль і паслугі».

Вось ужо 32 гады прафесійная дзейнасць нашай зямлячкі Тамары Плескацэвіч непарыўна звязана з СААТ «Ляхавіцкі малочны завод».
– Надзвычай ганарылася, калі пасля заканчэння тэхнікума мяне накіравалі на працу ў родныя Ляхавічы на малочны завод. У лабараторыі прынялі цёпла, падбадзёрвалі, маўляў, не хвалюйся, усё будзе добра. Дапамагалі, калі трэба. Ды і сама старалася не падвесці старэйшых калег, – гаворыць Тамара Мікалаеўна.
Канешне, за тры дзесяцігоддзі многае змянілася на прадпрыемстве: адкрываліся новыя цэхі, мяняўся, пашыраўся асартымент прадукцыі, з года ў год паляпшалася яе якасць, мадэрнізацыя вытворчасці адкрывала ўсё больш магчымасцей, асвойваліся новыя рынкі збыту і, канешне, раслі майстэрства і прафесіяналізм тутэйшых работнікаў.
Тамара Плескацэвіч прайшла розныя прыступкі кар’ернай лесвіцы, была старшым майстрам. У цэху цэльнамалочнай прадукцыі, які яна зараз узначальвае, выпускаюць малако, смятану, кефір, разнастайныя дэсерты.
– Ганарымся якаснай запатрабаванай у пакупнікоў прадукцыяй. Неаднойчы даводзілася чуць, як хваляць нашу «малочку». Вельмі прыемна ўсведамляць, што і ты маеш да гэтага дачыненне, – адзначае Тамара Мікалаеўна.
Зараз у яе падначаленні 24 чалавекі. Пра кожнага гаворыць з цеплынёй і пашанай, адзначае, што ў паспяховай рабоце цэха ёсць заслуга ўсіх работнікаў, незалежна ад тых аперацый, якія яны выконваюць. Словы асаблівай удзячнасці за адказнасць, любоў да справы апаратчыкам Святлане Сіманенка, Валянціне Расоха, Ніне Бурчыц. Як калісьці больш вопытныя калегі падтрымалі яе, цяпер і яна па-бацькоўску, з клопатам ставіцца да маладых спецыялістаў Вікторыі Дучынскай і Андрэя Рудэнкі.
І для навічкоў, і для вопытных калег Тамара Плескацэвіч – прыклад адданасці справе, якую выбрала на ўсё жыццё.
Са старажылаў завода і начальнік прыёмна-апаратнага цэха Таццяна Пранчак. На заводзе яна з 1993 года. Працавала лабарантам, хімікам-біёлагам, тэхнолагам. У тым што прадпрыемства неаднойчы святкавала перамогу ў конкурсах «Лепшая прадукцыя года», «Народная марка» ёсць, бясспрэчна, і яе заслуга.
– Вопытная, добрасумленная, ас у прафесіі, кожны дзень паказвае майстар-клас у рабоце, выдатны настаўнік для моладзі. Такімі работнікамі ганарыцца наш калектыў, – расказвае галоўны інжынер малочнага завода Сяргей  Страмавус.
Цяпер калектыў цэха ў складзе 24 чалавек у адказе за прыём сыравіны і яе размеркаванне.
– Якасць нашай прадукцыі ў значнай ступені залежыць менавіта ад сыравіны, што паступае з сельгаспрадпрыемстваў. Але не менш важныя складнікі – і далейшая перапрацоўка, лабараторны кантроль і іншыя этапы вытворчасці. Таму працуем адпаведна тэхналогіям і патрабаванням якасці, – падкрэслівае Таццяна Сцяпанаўна. У яе прафесійнай скарбонцы нямала разнастайных узнагарод, грамат, падзяк, у тым ліку ганаровае званне «Чалавек года» Ляхавіччыны ў намінацыі «прамысловасць, бытавое абслугоўванне, гандаль і паслугі».

Галіна КАНЬКО.