Памяці генерала-героя прысвячаецца. Ужо 63-ці раз Брэст збірае сяброў

Сяброў-сапернікаў, калі быць тэматычна абсалютна дакладным. Чацвер – заезд і перадстартавая адаптацыя, а наступныя два дні былі поўнасцю прысвечаны спаборніцтвам. Доўгія кіданні – кап’ё, напрыклад, арганізатары «вынеслі» ў ваколіцы вяслярнага канала, а асноўнай арэнай Міжнароднага турніру па лёгкай атлетыцы памяці генерала-героя Дзмітрыя Карбышава традыцыйна стаў Брэсцкі лёгкаатлетычны манеж. Абставіны з каранавірусам выключылі са складу ўдзельнікаў замежных спартсменаў,  а вось з айчынных, па словах трэнера-выкладчыка СДЮШАР раёна Андрэя Іванюценкі, прысутнічалі   ці не ўсе мацнейшыя прадстаўнікі каралевы спорту краіны, народжаныя ў 2004-2005 і 2006-2007 гадах.Гэта быў ужо 63-ці падобны не старт, нават, – форум атлетаў з усіх куткоў краіны. І з самай шырокай праграмай спаборніцтваў: шматлікія бегавыя віды, скачкі, кіданні-штурханні спартыўных снарадаў.
Як паведаміў Андрэй Іванюценка, такі досыць высокі «зрэз» форуму імя Карбышава гэтага года тлумачыцца яшчэ фактам «турнірнага голаду», на які сёлета былі вымушаны атлеты ў сувязі з вядомымі пандэмічнымі абставінамі. Вядомая рэч, юнакі і дзяўчаты імкнуліся паказаць сябе ва ўсёй спартыўнай прыгажосці, скарыстацца рэдкай магчымасцю дасягнуць прызавога выніку, скарыстацца выхадам, каб нагадаць пра сябе высокімі мінутамі-секундамі, метрамі-сантыметрамі.
Ляхавіцкі раён на мемарыяле Дзмітрыя Карбышава прадстаўляў квартэт умелых і хуткіх-вынослівых – адзначым з улікам таго факта, што ў камандзе значыліся толькі бегуны і скараход Валянціна Ляўковіч. На дыстанцыі тры тысячы метраў навучэнка СШ № 2
была на фінішы сёмай. Ева Кудравец і Алёна Шут з’яўляюцца навучэнкамі Начаўскай СШ. На мемарыяле Карбышава выступалі ў розных узроставых катэгорыях, але на адных і тых жа бегавых дыстанцыях – 600 і 1000 метраў. У прызы не трапілі, хоць з улікам іх сціплага стажу ў лёгкай атлетыцы – СДЮШАР наведваюць з пачатку навучальнага года – выступілі даволі нядрэнна. А ўжо дастаткова вядомы нам, неаднойчы «засвечаны» на старонках «Ляхавіцкага весніка» навучэнец СШ № 1 Максім Болтуць пацвердзіў сваё майстэрства чарговы раз, «выстраліў» у Брэсце  сярэбраным дуплетам – на той жа 600 і 2000 бегавых метраў дыстанцыі быў на фінішы другім. Нашы віншаванні юным атлетам і іх руплівым настаўнікам.

Іван КАВАЛЕНКА.