У Ляхавічах Міжнародны дзень сям’і традыцыйна адзначаецца святочнымі мерапрыемствамі.

Ад слова ”сям’я” вее цяплом, дабрынёй, надзеяй, і ў той жа час яно мае на ўвазе павагу, адказнасць і клопат.
У райцэнтры Міжнародны дзень сям’і традыцыйна адзначаецца святочнымі мерапрыемствамі. Адно з іх гасцінна прыняў напрыканцы мінулага тыдня цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Тут прайшло ток-шоу на тэму «Сям’я і шлюб», арганізаванае тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Своеасаблівымі экспертамі перад запрошанымі школьнікамі і навучэнцамі каледжа, апякунскімі, прыёмнымі, мнагадзетнымі сем’ямі выступілі кіраўнікі шэрагу раённых службаў, псіхолагі, настаяцель храма Ражджаства Іаана Прадцечы айцец Сергій. Разважалі пра значэнне шлюбу, неабходнасць яго рэгістрацыі, бо апошнім часам многія пары не спяшаюцца ўзаконьваць свае адносіны.
Начальнік аддзела загса райвыканкама Людміла Палтарак адзначыла, што па статыстыцы мацнейшыя тыя сем’і, якія ствараюцца маладымі людзьмі пасля 20-гадовага ўзросту.
— Рэгістрацыя шлюбу — важная падзея ў жыцці чалавека, да яе неабходна падыходзіць абдумана, разумеючы значэнне сямейных адносін і ўзаемныя абавязкі. Пераканана, што шлюб абавязкова павінен быць зарэгістраваным. Жанчына адчувае сябе больш упэўненай і шчаслівай, калі дзіця нараджаецца ў поўнай сям’і. У «грамадзянскім» шлюбе мужчына лічыць , што ён свабодны, бо ў яго пашпарце няма штампа, а жанчына ўпэўнена, што замужам. У жыцці могуць узнікнуць розныя сітуацыі, калі наяўнасць або адсутнасць рэгістрацыі шлюбу вырашае многае, — дадала Людміла Палтарак.
Як адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень, дзяржава аказвае сем’ям розныя віды дапамогі. І важна, каб дзеці раслі ў здаровых і шчаслівых сем’ях, каб у пасведчанні аб нараджэнні былі згаданы і маці, і бацька, каб бацькі неслі адказнасць за выхаванне дзіцяці.
Па словах начальніка юрыдычнага аддзела райвыканкама Дзіны Дуброўкі, рэгіструючы адносіны ў органах загса, вы выказваеце давер свайму партнёру і засцерагаеце сябе ад многіх непрадбачаных сітуацый.
Практыкуючыя псіхолагі раілі, што рабіць, калі ў сям’і ўзніклі праблемы, каб дзіцяці было камфортна і захаваліся добрыя адносіны паміж бацькамі.
У кожнай сям’і ёсць свой рэцэпт шчасця. Менавіта ім дзяліліся сем’і, запрошаныя на сустрэчу. Яны расказвалі і пра добрыя сямейныя традыцыі.
Айцец Сергій падкрэсліў, што любоў «вырошчваюць» у шлюбе. Значная колькасць разводаў адбываецца з-за таго, што паміж мужам і жонкай адсутнічаюць сапраўдныя пачуцці.
І хаця штамп у пашпарце не заўсёды можа выратаваць сям’ю ад распаду, але дзяржаўная рэгістрацыя шлюбу ў пэўнай ступені дазваляе абараніць ад матэрыяльна-прававых і сацыяльна-псіхалагічных праблем.
Прыемным сюрпрызам для гасцей ток-шоу сталі музычныя нумары ад юных зорачак цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і падарункі запрошаным сем’ям ад арганізатараў мерапрыемства.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *