На канцэрт запрашаюць профі. У Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся справаздачны канцэрт

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

Ёсць штосьці чароўнае ў тым, як гучыць інструментальная музыка… Яна без слоў кранае, прымушае задумацца, за пару секунд стварае
настрой – шчаслівы, радасны, шчымлівы,  трывожны… Кожная кампазіцыя – як гісторыя аўтара.

Калі чарговы раз на дошцы аб’яў убачыце запрашэнне на справаздачны канцэрт дзіцячай школы мастацтваў, абавязкова падарыце сабе магчымасць акунуцца ў свет творчасці.
Паверце – за шчасце пабываць на канцэрце, дзе галоўныя дзеючыя асобы – навучэнцы, якія вызначыліся перамогамі на конкурсах і фестывалях самых розных узроўняў, і, канешне, таленавітыя педагогі, якія вучаць хлопчыкаў і дзяўчынак бачыць, адчуваць прыгажосць.
Выхаванцы сямі аддзяленняў – мастацкага, харэаграфічнага, фартэпіяннага, духавога, струннага, тэарэтычнага, баянна-акардэоннага – падарылі прысутным гадзіну экскурсіі па свеце творчасці. «Біс!», «брава!», «вы лепшыя!» – менавіта такую адзнаку атрымалі выступаючыя. Танец, песня ў суправаджэнні аркестра, класічны твор – усё выглядала гарманічна і прафесійна.
«Марш нахімаўцаў» Васілія Салаўёва-Сядога, «Вальс» Рамана Навумовіча, ірландская народная мелодыя «Світанак», «Беларуская мазурка» Нестара Сакалоўскага, «Іспанскі танец», «Данская плясавая»…
ад творчых калектываў, аркестраў, ансамблей ДШМ «Спутнік», «Настрой», «Сем нот, шэсць струн», «Незабудкі», «Водар» і іншых. А колькі гучала імёнаў юных салістаў і іх кіраўнікоў – гонар за нашу творчую змену і тых, хто вядзе яе па гэтай мастацкай сцежцы.
– У кожным справаздачным канцэрце – хваляванні, эмоцыі, пачуцці і жаданне перадаць сваё бачанне творчасці нашых выхаванцаў і іх педагогаў. У кожным нумары мы стараемся перадаць усё майстэрства, паказаць, наколькі таленавітыя нашы дзеткі. Яны нашы юныя профі, якія, без перабольшання, змогуць захапіць увагу любога гледача на ўвесь канцэрт, бо робяць гэта з любоўю і душой, – адзначае дырэктар Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Марыя Лутавінава.
Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.