Будаўнічы аўтограф пад музыку Моцарта. На большасці вуліц Ляхавічаў з даўняй гісторыяй будаўнічы аўтограф пакінуў і наш зямляк Уладзімір Саладуха

Шматпавярховікі на вуліцах Дзесюкевіча, Леніна, Мінскай, Інтэрнацыянальнай, Савецкай, навучальныя ўстановы і райбальніца, гарадскія ачышчальныя збудаванні і аб’язная дарога – да ўсяго меў непасрэднае дачыненне майстар, прараб, заказчык, падрадчык, кіраўнік, архітэктар Уладзімір Саладуха. Нямала аб’ектаў было і ў сельскай мясцовасці: Дамы культуры, жывёлагадоўчыя фермы і комплексы…

І сёння ва ўспамінах пра кожны будынак у прадстаўніка самай мір-
най прафесіі ёсць свая гісторыя з фактамі і галоўнымі героямі – тымі, хто праектаваў, будаваў, майстраваў. Але, як адзначае сам Уладзімір Міхайлавіч, найбольш запамінальная і дарагая сэрцу, самая першая на Ляхавіччыне новабудоўля, дзе ён у якасці майстра прысутнічаў на кожным этапе (ад заліўкі фундамента да апошняй шыферыны на даху і аддзелачных работ), – СШ № 1.
Праз некалькі дзесяцігоддзяў у яго «паслужным спісе» будзе яшчэ адна навучальная ўстанова – гарадская гімназія. Дарэчы, месца яе будаўніцтва адстаяў менавіта Саладуха. Увогуле, ён, можна сказаць, быў аўтарам усяго новага мікрараёна ў Ляхавічах у раёне вуліцы Інтэрнацыянальнай. Аргументы, што прыводзіў Уладзімір Саладуха, які ў той час пасля 26-гадовага прафесійнага этапу ў якасці падрад-
чыка перакваліфікаваўся ў заказчыка (сумяшчаў пасады намесніка старшыні райвыканкама і начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва), аказаліся ўплывовымі. І вось сёння мы бачым вынік такой прадбачлівасці – прыгожы, утульны мікрараён.
Май у жыцці Уладзіміра Саладухі – месяц асаблівы, а сёлета і ўвогуле – юбілейны: ветэрану будаўнічай галіны 85 гадоў. Ён нарадзіўся 20 мая 1936 года. Пра Вялікую Айчынную вайну ведае не толькі па расказах ветэранаў і фільмах.
Яго бацька прайшоў вайну, ды і сам ён на сабе адчуў яе жахі, таму з радасцю сустракаў вестку пра Перамогу ў маі 1945 года.
А потым вучыўся самастойна будаваць – аднаўляў разам з землякамі спаленую фашыстамі вёску на Капыльшчыне. Вось так у Валодзі Саладухі спачатку была практыка, а потым і вучоба на будаўніка
ў тэхнікуме ў Мінску. Тры гады самастойнай працы ў Баранавічах,
а потым дзесяцігоддзі – у Ляхавічах, што сталі другой, але такой любімай радзімай.
Уладзімір Міхайлавіч даўно на заслужаным адпачынку. Але, па-ранейшаму шкадуе, чаму так мала гадзін у сутках – нічога не паспявае. Захапленняў у гэтага чалавека шмат: астраномія, класічная музыка (яна суправаджала яго ўсё жыццё), кнігі, шмат часу бавіць з праўнукамі.
А яшчэ бязмежна шчаслівымі ён лічыць тыя імгненні, калі разам з жонкай Ітай Антонаўнай сустракае ў сваёй кватэры самых дарагіх гасцей – дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.