Каля новабудоўлі і не толькі. Сумесны рэйд па добраўпарадкаванні правялі «ЛВ» і санітарная служба

Звалка каля новабудоўлі па вуліцы Чкалава.

Будаўніцтва 60-кватэрнага жылога дома па вуліцы Чкалава, што пачалося ў райцэнтры ў сакавіку 2021 года, у разгары. Падрадчык УБП «ПМК-13» ААТ «Пінсксаўгасбуд» – працуе па зацверджаным графіку. Увядзенне дома ў эксплуатацыю запланавана на кастрычнік гэтага года. Не пакідаюць па-за ўвагай стан будаўнічай пляцоўкі прадстаўнікі мабільнай групы райвыканкама, якая адсочвае пытанні аховы працы і выкананне санітарна-гігіенічных нормаў, санслужба.

Неабгароджаная тэрыторыя ПГВУП «Цвірко і К».

Так, сёлета ў красавіку райЦГіЭ правёў маніторынгі выканання патрабаванняў заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту. Як адзначыў памочнік урача-гігіеніста Юрый Лімант, быў выяўлены шэраг парушэнняў, на выпраўленне якіх адводзіўся пяцідзённы тэрмін. Неабходна было арганізаваць своечасовае прыбіранне будаўнічай пляцоўкі і тэрыторыі на адлегласці не менш за пяць метраў ад яе межаў.
– Забяспечыць правядзенне вільготнага прыбірання санітарна-бытавых памяшканняў з выкарыстаннем дэзынфіцыруючых сродкаў і праветрывання пасля кожнай змены; стварыць неабходныя ўмовы для захавання асабістай гігіены і пітнога рэжыму работнікамі; упарадкаваць захоўванне будаўнічых матэрыялаў і адходаў на пляцоўцы; уладкаваць санітарна-бытавыя памяшканні неабходнай мэбляй і інвентаром – такія асноўныя пытанні неабходна вырашыць кіраўніцтву ПМК-13 для выпраўлення сітуацыі, – тлумачыць Юрый Лімант.
У мінулы аўторак «ЛВ» сумесна з райЦГіЭ пацікавіўся, ці выкараніла ПМК-13 згаданыя раней недахопы.
Што ж убачылі? Як ляжала вялізная куча з абрэзкаў дрэў, так і ляжыць. Яшчэ і павялічылася – сюды сталі прыносіць смецце з кватэр бліжэйшых дамоў – атрымаўся несанкцыянаваны сметнік. Па словах прараба Ігара Пастарнакевіча, у бліжэйшыя дні, як толькі з’явіцца неабходны транспарт, звалка будзе вывезена. Па-ранейшаму не ўстаноўлена агароджа вакол будаўнічых вагончыкаў, таму іншы раз сюды «прарываюцца» нядобрасумленныя грамадзяне, якія зносяць смецце.
А там, дзе ёсць агароджа, – за ёй раскіданы пластыкавыя бутэлькі, папера, іншыя адходы. Астатнія выяўленыя раней парушэнні ўхілены, на будаўнічай пляцоўцы – парадак і звычайны рабочы працэс.
Дачакаліся рэканструкцыі жыхары дома № 21 па вуліцы Чкалава. Работы праводзяць ПМК-13 і КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Будаўнічыя матэрыялы акуратна складзены, накрыты поліэтыленам. Сам аб’ект абгароджаны, смецце вывозіцца пасля кожнага працоўнага дня. Агульную карціну псуе адзін, але важны для тутэйшых жыльцоў факт.
– Добра робяць. Але вось бяда: знялі з дома дах – пайшлі дажджы і пазалівала кватэры… – з сумам гаворыць адзін з жыхароў дома № 21.
На пастаянным кантролі супрацоўнікаў райЦГіЭ і стан тэрыторый прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна.
– Многія прыватныя гаспадары і калектывы прадпрыемстваў стараюцца пасля зімы навесці парадак на замацаваных тэрыторыях. Але знаходзяцца і такія, хто не толькі не прыбірае, але і наадварот «прымнажае» бардак. За гэта можна атрымаць штраф, – тлумачыць Юрый Лімант.
Праехаліся па так званай гарадской прамысловай зоне. Адразу відаць:
у раёне прайшоў месячнік добраўпарадкавання. Калі яшчэ год назад нямала пытанняў па навядзенні парадку было да тэрыторыі, дзе размяшчаецца цэх перапрацоўкі драўніны Ляхавіцкага лясгаса, то цяпер усё ў ажуры.
Неаднойчы «ЛВ» акцэнтаваў увагу на аварыйным стане агароджы вакол ПГВУП «Цвірко і К». На даны момант сітуацыя выпраўлена: агароджа падпраўлена, складзіраваная драўніна нікому не пагражае, ды і хмызняк вакол знішчылі. Праўда, з супрацьлеглага боку тэрыторыі агароджа ўвогуле не ўстаноўлена. Так што ёсць над чым папрацаваць.
Узорам уладкаванасці з’яўляецца тэрыторыя ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт». На жаль, агульнае ўражанне псуе размешчаная побач звалка з камення, рэшткаў будаўнічых матэрыялаў, смецця – гэта ўжо зона адказнасці камунгаса. І насупраць: па перыметры ПВУП «Трансэлектрабуд» у вялікія горы складзіраваны рэшткі агароджы, іншага будматэрыялу. 
Хто не паспеў, то самы час узяцца за граблі і мяцёлкі, закасаць рукавы і зрабіць, каб было чыста і дагледжана – па-гаспадарску. Ніхто і нішто не перашкаджае навесці парадак зараз.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.