Дабро пачынаецца з крышачкі. У Ляхавічах ажыццяўляецца праект «Новае жыццё ў абмен на крышачкі»

Свет добрых спраў складаецца з маленькіх пазлаў. Здавалася б, чым можа быць карыснай пластыкавая крышачка, якая знойдзецца, напэўна, у кожнага ў доме? А з яе дапамогай валанцёры па ўсёй Беларусі падтрымліваюць тых, каму гэта неабходна.

Праект «Новае жыццё ў абмен на крышачкі» стартаваў у Беларусі ў 2018 годзе. Ініцыятыву ажыццяўляе ўстанова «СацыяЭкаЦэнтр».

Прыняць удзел у праекце можа кожны жадаючы: дастаткова пакінуць непатрэбныя крышачкі ў спецыяльным кантэйнеры. Для перапрацоўкі прымаюцца крышачкі ад ПЭТ-бутэлек з-пад напіткаў, сродкаў бытавой хіміі і парфумерыі. Галоўнае, каб на іх была нанесена спецыяльная маркіроўка: маленькі трохкутнік з лічбамі 2, 4 або 5. Затым яны адпраўляюцца на перапрацоўку, а атрыманыя сродкі – на дабрачыннасць. Аказваеццадапамога сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці з захворваннямі цэнтральнай нервовай сістэмы і парушэннямі апорна-рухальнага апарата: аплачваюцца лекі і рэабілітацыя ў цэнтрах, неабходнае спецыяльнае абсталяванне (крэслы-каляскі, супрацьпролежневыя матрацы, аэразольныя інгалятары і іншае).

Са студзеня па красавік 2021 года ў рамках праекта ў Беларусі сабрана 15 тон крышачак.

Брэст, Пінск, Камянец, Кобрын, Івацэвічы, Ганцавічы, Баранавічы, Бяроза – гэтыя і іншыя гарады Беларусі далучыліся да дабрачыннага руху. Не засталіся ў баку і ляхавічане. Пункт прыёму крышачак размясціўся па адрасе вуліца Камсамольская, 32 на тэрыторыі магазіна «Сэканд хэнд».

За яго адказвае ўладальніца магазіна валанцёр Таццяна Касянкова.

– Ніколі не магла прайсці міма чужога няшчасця. Пра тое, што ёсць такі рух, даведалася выпадкова: калі праходзіла лячэнне ў Брэсце, суседка па палаце прасіла не выкідваць крышачкі, а пакідаць ёй. Пацікавілася, навошта ёй гэта, так і даведалася пра ініцыятыву. Вырашыла, што трэба абавязкова ўвасобіць у жыццё гэтую ідэю і ў сябе на радзіме. Так і з’явіўся пункт збору, –успамінае Таццяна
Касянкова.

Спачатку крышачкі збіраліся ў звычайную 20-літровую бутэльку з-пад вады і пластыкавыя кантэйнеры. Ініцыятыву Таццяны падтрымаў і яе муж, ён працуе дальнабойшчыкам, дапамагае жонцы завезці кантэйнеры з крышачкамі ў Мінск для перапрацоўкі.

А зусім нядаўна бутэлька была заменена на інсталяцыю ў форме  сэрца, у якой можна пакінуць крышачкі. Сэрца для Таццяны вырабілі на заказ.

– Дапамагаць вельмі проста, давайце разам рабіць гэты свет лепшым, больш добрым, чыстым, экалагічным. Закруцім добрую справу! – гаворыць Таццяна.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота з асабістага архіва Таццяны Касянковай.