«Следапыты» на варце гісторыі. Папоўнена інфармацыйная база музея баявой и працоўнай славы СШ №2 г. Ляхавічы

Навучэнцам СШ № 2 пашанцавала: маюць цудоўную магчымасць датыкнуцца да гісторыі і культуры беларускага народа, да гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны. І ўсё дзякуючы дзейнасці музея баявой и працоўнай славы і пошукава-даследчага атрада «Следапыты».

Кожны музейны экспанат мае адметную гісторыю і нават радаслоўную. Не падлічыць, колькі ў музеі адбылося сустрэч, урокаў мужнасці і г. д.
16 кастрычніка новая падзея ў гісторыі музея – папоўнілася інфармацыйная база. Брастаўчанка Ганна Ус перадала ў музей фотаматэрыялы з біяграфічнымі данымі свайго бацькі – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Іосіфа Фёдаравіча.
Іосіф Ус – удзельнік савецка-фінскай вайны 1939–1940 гг. З 1941 года партызаніў у брыгадзе імя Варашылава, быў рэдактарам газеты «За Савецкую Радзіму» Уздзенскага падпольнага райкама партыі. Узнагароджаны медалямі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» I ступені, «За баявыя заслугі», мае шматлікія юбілейныя медалі, а таксама медаль «За доблесную працу».
У першыя пасляваенныя гады працаваў завучам Ляхавіцкай дзесяцігадовай школы – будучай СШ № 2. Пасля Іосіф Фёдаравіч узначальваў Падлескую дзесяцігадовую школу, быў сакратаром партыйнай арганізацыі мясцовага калгаса.
Пошукава-даследчы атрад «Следапыты» шчыра ўдзячны Ганне Іосіфаўне за прадастаўленую інфармацыю пра яе бацьку, жыццёвы шлях якога служыць для школьнікаў прыкладам любві да Айчыны і адданасці справе.

Анастасія КАБЯШОВА, член пошукава-
даследчага атрада «Следапыты» музея
баявой і працоўнай славы СШ № 2.
Фота з архіва СШ № 2.