Чэмпіёнка, спартсменка. А цяпер і студэнтка ляхавічанка Кацярына Рабцэвіч

Не захапляцца гэтай дзяўчынай нельга. Таленавітая (прычым, як у спорце, так і ў вучобе), актыўная, жыццярадасная, адказная, прыгожая, добразычлівая. Далёка не поўны пералік якасцей, якімі валодая наша маладая зямлячка, сёлетняя выпускніца СШ №1 Кацярына Рабцэвіч. Яе прозвішча даўно на слыху ў спартыўных колах краіны. Каця — чэмпіёнка Еўропы па самба, тройчы была лепшай на першынстве Рэспублікі Беларусь па самба і дзюдо, перамагала на рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў, а таксама на разнастайных абласных і міжнародных спаборніцтвах. Дзяўчына прайшла ўсе прыступкі падрыхтоўкі ў ДЮСШ ад пачатковых да вучэбна-трэніровачных груп пад кіраўніцтвам трэнера Віктара Богуша. Кацярыне пасуе не толькі кімано, але і вячэрнія ўборы і нават касцюм Снягурачкі — яна актыўная ўдзельніца разнастайных праграм і святочных мерапрыемстваў, якія ладзіліся ў Ляхавічах. А яшчэ Кацярына Рабцэвіч —пераможца традыцыйнага раённага конкурсу «Чалавек года» ў галіне фізкультуры і спорту.

Зусім нядаўна дзяўчына стала студэнткай, прычым без уступных экзаменаў (як пераможца адкрытага чэмпіянату Еўропы): яна залічана на дзённае аддзяленне  факультэта лячэбнай фізкультуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. І пакуль іншыя абітурыенты хвалююцца і задаюцца пытаннем: паступілі ці не і на якую форму навучання, то Каця наконт гэтага спакойная і прадаўжае трэніроўкі. Тым больш, што яна плануе сумяшчаць вучобу ў ВНУ з заняткамі самба і дзюдо, цяпер пад кіраўніцтвам трэнера Сямёна Гуманава ў Мінску.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *