Культурная адзнака. Дырэктар Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ўдастоена Падзякі міністра культуры Беларусі

Падзякі міністра культуры Беларусі ўдастоена дырэктар Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Пляшэвіч.

Важкую ўзнагароду за шматгадовую добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм ёй уручылі ва ўрачыстай абстаноўцы на калегіі ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама, дзе былі падведзены вынікі дзейнасці галіны за 2021 год.
– Узнагарода – гэта заслуга ўсяго калектыву нашай бібліятэчнай сістэмы, які штораз прапануе новыя цікавыя праекты і стараецца зрабіць іх пазнавальнымі і карыснымі для землякоў. Вельмі прыемна, што наша работа ацэнена на такім высокім узроўні, – падкрэслівае Вольга Пляшэвіч.


З нядаўніх дасягненняў купалаўкі – другое месца на рэспубліканскім конкурсе, што прынёс таленавітаму калектыву гістарычны нарыс аб праваслаўных храмах і прыходах Ляхавіцкага раёна «Духоўная спадчына Ляхавіччыны. Гісторыя праваслаўя роднага краю».
Зараз бібліятэкары зноў прыемна здзівілі: да Года гістарычнай памяці распрацавалі базу даных «Зямля яднае і ўзбагачае: гісторыя сельскіх гаспадарак Ляхавіччыны» і ўзнялі тэму калектывізацыі. На сайце цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ў раздзеле краязнаўства змешчаны багаты матэрыял па кожным сельгаспрадпрыемстве раёна. Інфармацыя падмацавана фотаздымкамі і архіўнымі дакументамі. Маштаб сістэматызаванага і размешчанага на сайце ўражвае. І гэта пацвярджае любоў і асаблівыя пачуцці супрацоўнікаў бібліятэчнай сістэмы да роднага краю і землякоў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.