Заезд у лета. Варыянты летняга адпачынку на Ляхавіччыне

Лічаныя дні застаюцца да заканчэння навучальнага года. Наперадзе ў школьнікаў доўгачаканыя канікулы. І, канешне, многія з нашых юных землякоў з нецярпеннем чакаюць адпачынку ў лагеры «Чайка».

Тут сёння ідзе актыўная падрыхтоўка да аздараўленчага сезона-2022. Аддзел па адукацыі райвыканкама і цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый пастаянна манітораць сітуацыю і трымаюць на кантролі стварэнне бяспечных і камфортных умоў для знаходжання хлопчыкаў і дзяўчынак, выкананне санітарна-эпідэміялагічных і іншых патрабаванняў.
На падрыхтоўку «Чайкі» з раённага бюджэту выдаткавана 37000 рублёў. Набыта халадзільная шафа для захоўвання фруктаў, у двух карпусах заменены шафы, набыты электра-сантэхнічныя рэчы, лакафарбавыя вырабы і гаспадарчы інвентар. Закуплены будаўнічыя матэрыялы для ўнутранай аддзелкі ў корпусе № 1. Шмат мерапрыемстваў у «Чайцы» ладзіцца ў вялікай альтанцы. Для зручнасці і камфорту пол там вымасцілі пліткай. Рамантуюцца і ценявыя навесы. Сёлета з’явілася прыгожая драўляная альтанка, зробленая дырэктарам лагера Юрыем Сельмановічам і тутэйшымі супрацоўнікамі.
Работнікі цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый рамантуюць водаправодныя і электрычныя сеткі. Плануецца прамыўка водаправодных і каналізацыйных сетак. Усе работы неабходна завяршыць да 25 мая. Супрацоўнікі раёна электрасетак выканалі работы па абслугоўванні падстанцыі.
Па традыцыі, напярэдадні сезона ў «Чайцы» шчыруюць супрацоўнікі аддзела па адукацыі райвыканкама і калектывы навучальных устаноў раёна – за кожнай замацаваны ўчасткі, дзе яны наводзяць чысціню і парадак, высаджваюць кветкі.
У летнія дні асабліва папулярны вадаём на тэрыторыі летніка. Ён з’яўляецца афіцыйнай зонай адпачынку закрытага фармату – водныя працэдуры там прымаюць толькі адпачываючыя ў «Чайцы». Вадалазы абследавалі і ачысцілі дно возера. З мэтай павелічэння плошчы пляжа перанесены пірс, працягваецца добраўпарадкаванне зоны адпачынку. Лабараторны кантроль падчас усяго купальнага сезона – клопат райЦГіЭ.
За чатыры змены ў «Чайцы» правядуць час з карысцю 320 хлопчыкаў і дзяўчынак. Першы заезд стартуе ўжо 6 чэрвеня і завершыцца 23 чэрвеня. Другая змена – з 26 чэрвеня па 13 ліпеня, трэцяя будзе працаваць з 16 ліпеня па 2 жніўня, чацвёртая змена – з 5 па 22 жніўня. Арыенціровачна кошт пуцёўкі складзе 500 рублёў, бацькоўская даплата незалежна ад узросту – усяго 55 рублёў, астатняе – дзяржаўныя датацыі і даплата арганізацый.
Варыянты летняга адпачынку на Ляхавіччыне плануюцца разнастайныя. Напрыклад, пры школах (акрамя Жарабковіцкай), ЦКРНіР, а таксама СДЮШАР будуць працаваць у розныя змены
лагеры дзённага знаходжання працягласцю 18 дзён. Бацькоўская даплата ў залежнасці ад узросту складзе ад 9 рублёў 40 капеек (6–10 гадоў) да 23 рублёў 80 капеек (14–17 гадоў).
Папулярныя ў рабят лагеры працы і адпачынку на дзесяць дзён прапішуцца ў СШ № 1, Ліпскай і Крывошынскай школах. Спартсмены сёлета будуць трэніравацца і набірацца сіл на базе дзённага лагера пры СДЮШАР. Плануецца, што першая змена пачнецца 1 чэрвеня, яшчэ адна – 8 жніўня.
– У параўнанні з мінулым годам супрацькавідныя меры трохі аслаблены. Тым не менш, традыцыйна, на першым месцы бяспека дзяцей. Больш мерапрыемстваў пройдзе на свежым паветры, падчас экскурсій не абысціся без сацыяльнага дыстанцыравання.
Лагер адкрыты для рабят без сімптомаў хваробы.
Прадугледжаны і бацькоўскія дні, але законныя прадстаўнікі дзяцей павінны будуць знаходзіцца ў гігіенічных масках, – падкрэслівае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.