У першай тысячы два адрасы. У адзін дзень на Ляхавіччыне вызначыліся два вадзіцелі, якія перавезлі тысячу тон збожжа

У адзін дзень з інтэрвалам прыкладна ў паўгадзіны на Ляхавіччыне вызначыліся адразу два вадзіцелі, якія перавезлі тысячу тон збожжа

У 17 гадзін імправізаваныя фанфары на ячменным полі каля вёскі Гута прагучалі ў адрас маладога па ўзросце, але даволі вопытнага ў прафесійным плане вадзіцеля ЗТАА «БелДан» Аляксандра Азарчыка. І вось на яго жалезным сябры – трактары Cаse Puma 230+BASTRUP –
яркімі фарбамі ў колерах беларускага сцяга зазіхацела зорка з лічбай 1000. Ёсць у Ляхавічах на жніве-2022 першы вадзіцель-тысячнік.
Гонар яму і слава!
– Так, для мяне гэта не ўпершыню. Але кожны раз ёсць пэўнае хваляванне. Сёлета ўсё спрыяе важкаму коласу, нават надвор’е больш дапамагае, чым летась. Так што, магчыма, гэта не апошняя тысяча тон. Перамагаць заўжды прыемна. Летась зрабіў перапынак, няхай і іншыя вадзіцелі адчуюць, як гэта здорава – быць першым у раёне тысячнікам, – гаворыць Аляксандр Азарчык.
Праз дзясятак хвілін віншавальная каманда імчыць па наступным ушанавальным адрасе – у ААТ «Жарабковічы». Што ні год, то абавязкова ў гэтай гаспадарцы вітаюць першых тысячнікаў-вадзіцеляў на адвозцы збожжа ці камбайнераў.
І сёлета без выключэнняў. У цэнтры ўвагі – вадзіцель Вячаслаў Шклянік. Ён з пачатку ўборачнай кампаніі перавёз тысячу тон збожжавых і алейнага насення рапсу. Для Вячаслава Мікалаевіча гэта дзявятае жніво ў багатай вадзіцельскай кар’еры.
– Працую на МАЗе, які ўмяшчае прыблізна каля 20 тон збожжа. Зараз убіраем азімы рапс, ураджайнасць добрая – 40 цэнтнераў з гектара, таму за дзень (пры спрыяльным надвор’і ў полі з 10 да 22 гадзін) раблю па пяць-шэсць рэйсаў.
У асноўным збожжа дастаўляю на ЗСК у Жарабковічы, – расказвае Вячаслаў Шклянік.
З перамогай першых у раёне тысячнікаў на палявых станах шчыра павіншавалі, пажадалі новых працоўных дасягненняў і здабыткаў, уручылі падарункі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач.
Каб рупліўцы хлебнай нівы і далей працавалі з добрым настроем і аптымізмам, прагучала музычнае віншаванне ад самадзейных артыстаў Ляхавіцкага ГДК.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.