На чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па дзюдо ляхавічанін заваяваў сярэбраную ўзнагароду

Аматары «гульні», канешне ж, у курсе падзей, а для астатніх нагадаем, што чэмпіянат краіны праходзіў з 7 па 9 верасня. Рэспубліканскі татамі быў «сабраны» ў сталічным Палацы спорту і на гэты раз сабраў каля 130 майстроў усходняга адзінаборства: мацнейшых прадстаўнікоў і прадстаўніц віду спорту ў сваіх вагавых катэгорыях. Уладзіслаў Цярпіцкі выступаў у самай цяжкай з іх – катэгорыі «плюс 100». Папярэднія схваткі наш зямляк выйграў за яўнай перамогай – кожная завяршылася з ацэнкай «іпон» на карысць Цярпіцкага. Але наперадзе быў фінал і схватка з гродзенскім атлетам Ягорам Кухарэнкам. Як расказаў першы настаўнік Уладзіслава – трэнер-выкладчык СДЮШАР Ляхавіцкага раёна Віктар Богуш, сказаць, што барацьба пра-ходзіла звышнапружана, – не сказаць нічога. Чатыры мінуты асноўнага часу пераможцу не выявілі – нічыя. Належныя ў такім выпадку дадатковыя хвіліны да ажыццяўлення адным з барцоў так званага «актыўнага дзеяння» сыгралі за саперніка: Цярпіцкі атрымаў заўвагу суддзяў і такім чынам «аддаў» фінал рэспубліканскага чэмпіянату.
Дабавім, што сапернікі былі вартыя адзін аднаго. Даўно знаёмыя, абодва з’яўляюцца членамі нацыянальнай зборнай, носяць званне майстра спорту міжнароднага класа.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота з архіва Віктара Богуша
.