Сталоўкі да сяўбы гатовыя? Прайшоў сумесны рэйд па сталоўках, якія знаходзяцца на балансе аграрных арганізацый Ляхавіцкага раёна

На паверцы перад пачаткам веснавых палявых работ не толькі сельскагаспадарчая тэхніка. Днямі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура, памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Юрый Лімант правялі сумесны рэйд па арганізацыі харчавання ў сталоўках, якія знаходзяцца на балансе аграрных арганізацый раёна.

– Наша асноўная мэта – непасрэдна на месцы азнаёміцца, як аб’екты грамадскага харчавання рыхтуюцца забяспечыць гарачымі абедамі і падвячоркамі ўдзельнікаў масавых палявых работ. Адна з задач, што вырашаюць прафсаюзы, – кантроль за ўмовамі працы работнікаў, стварэнне наймальнікамі належных умоў для захавання, умацавання здароўя сельгаспрацаўнікоў, – гаворыць Тамара Пракап’юк.
Ірына Чура адзначае, што на балансе сельгаспрадпрыемстваў зараз знаходзіцца тры аб’екты грамадскага харчавання – у ААТ «Шлях новы», «Жарабковічы», ЗАТ «Белпрампрыбор». Па словах прафсаюзнага лідара аграрыяў, штогод прафсаюзы ў абавязковым парадку манітораць, як арганізавана харчаванне аграрыяў на кожным этапе сельскагаспадарчага года. Увага звяртаецца на якасць прадуктаў і гатовых страў, умовы харчавання, наяўнасць посуду і абсталявання, своечасовасць дастаўкі страў у поле і іншыя аспекты.
Ірына Чура нагадала, што ў мінулыя гады прафсаюзныя пярвічкі набылі для работнікаў гаспадарак своеасаблівыя перасоўныя міні-сталоўкі: сталы, крэслы, навесы.
– У першую чаргу звярталі ўвагу, як выкананы выдадзеныя папярэдне прадпісанні, ці ўхілены парушэнні, што мелі месца. У асноўным яны тычыліся зношанасці кухоннага інвентару, патрабавалі замены ці былі ў недастатковай колькасці тэрмасы для перавозкі ежы, посуд для прыгатавання страў. Указаныя недахопы рэгістраваліся ў сталоўках «Белпрампрыбора» і «Шляху новага». На момант праверкі сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Парадак і выкананне ўсіх санітарных нормаў і правілаў – гэта пра сталоўку «Жарабковічаў», якая знаходзіцца ў Канюхах. Усе гэтыя аб’екты грамадскага харчавання гатовы да сезона, – расказвае памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Юрый Лімант.
Ірына Чура падкрэслівае, што кожная сельгасарганізацыя Ляхавіччыны клапоціцца пра тое, каб работнікі былі накормлены падчас сяўбы, нарыхтоўкі кармоў, жніва і г. д. Тыя гаспадаркі, дзе няма ўласных сталовак, гатуюць абеды і падвячоркі ў іншых аб’ектах грамадскага харчавання. Так, ААТ «Нача» і льнонасенстанцыя атрымліваюць іх са сталоўкі ў «Жарабковічах», работнікі СВК «Ляхавіцкі» –  з рэстарана «Ластаўка».
Каб сталоўка на колах прыязджала на палявы стан строга па раскладзе, харчаванне ўдзельнікаў жніва было смачным і каларыйным, каб была стапрацэнтная забяспечанасць пітной вадой, спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай аховы – усё гэта было і застаецца ў полі зроку прафсаюзаў.

Галіна КАНЬКО.