Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу пракаменціраваў старшыня Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў

«Кожны дэпутат павінен пераглядзець, з якімі планамі і абяцаннямі звяртаўся да выбаршчыкаў, што варта яшчэ раз прапрацаваць» — старшыня Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.

Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу пракаменціраваў старшыня Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч:

  • Штогадовае Пасланне Прэзідэнта – гэта наша традыцыя палітычнага дыялогу: адкрытага, акцэнтаванага на галоўным і важным для беларусаў і не толькі.

Ганарова быць сведкам такой важнай падзеі. Для дэпутатаў розных узроўняў важна ведаць вектар дзяржаўнага развіцця, унутранай і знешняй палітыкі. Тым больш у сённяшніх геапалітычных рэаліях, хто, як не народныя абраннікі, павінны першымі ісці ў народ, тлумачыць сітуацыю вакол нашых межаў, натхняць і перадаваць галоўны пасыл Прэзідэнта – берагчы суверэнітэт. Кожны новы дзень дае новую інфармацыйную нагоду, якая, на жаль, не заўсёды адпавядае рэальнасці, часам накіравана на падрыў нашага мірнага стваральнага жыцця.

Дэпутаты Ляхавіцкага раённага Савета сёння імкнуцца быць на сувязі са сваімі выбаршчыкамі: гэта і ўдзел у важкіх раённых мерапрыемствах ад аўтапрабегаў да суботнікаў, гэта і самыя розныя формы работы з насельніцтвам. Вось і яшчэ адна ўмова суверэнітэту, і залежыць яна ад кожнага з нас – сумленна працаваць на сваім месцы. На Ляхавіччыне праходзіць месячнік добраўпарадкавання – і гэта таксама вялікі ўклад у дабрабыт сваёй малой радзімы. Хто, як не мы, гаспадары сваёй зямлі, павінны клапаціцца пра яе прывабнасць, утульнасць. Дэпутаты сёння ініцыююць суботнікі, збіраюць вакол добрых спраў землякоў.

Наперадзе важная маштабная электаральная кампанія. Таму сёння кожны дэпутат павінен пераглядзець, з якімі планамі і абяцаннямі звяртаўся да выбаршчыкаў, што варта яшчэ раз прапрацаваць. Давер – гэта, бадай, адзін з галоўных паказчыкаў дэпутацкай работы.

Гістарычная памяць і нашы нацыянальныя традыцыі – падмурак нашай сілы, умова незалежнасці. Сёння вялікая ўвага помнікам падзей Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі кожнага сельсавета памятаюць імёны герояў вайны, жудасныя гісторыі генацыду. У Год міру і стварэння мы працягваем добраўпарадкаваць свяшчэннае месца для ляхавічан – Курган вечнай Славы. У мінулым годзе гэта месца ўжо набыло новы выгляд. Сёлета каля 80 тысяч рублёў (з запланаваных на работы 200 тысяч) будзе накіравана на далейшае добраўпарадкаванне памятнага месца са сродкаў, якія ляхавічане заробяць на суботніку. Іншы выгляд набудзе стэла.

Важна, што і наша моладзь задае патрыятычны тон сваім памкненням. Традыцыя маладзёжнай будоўлі ў Хатыні павінна працягвацца і ў раённых маштабах. Актывісты Маладзёжнага парламента пры райсавеце дэпутатаў і БРСМ таксама далучацца да раённага маштабнага праекта.

У Марынове таксама ў хуткім часе з’явіцца помнік як напамін пра старонку генацыду на ляхавіцкай зямлі. Удзел у конкурсе макетаў узялі і юныя землякі. Ідэі розных работ пакладзены ў аснову будучага помніка. А днямі наша моладзь высадзіць там бярозавую алею: 48 саджанцаў сімвалізуюць 48 спаленых вёсак раёна.

Увогуле, у сваёй рабоце мы робім важны акцэнт на моладзь. Сёння ў праекце “Школа маладога дэпутата” мы імкнёмся далучыць моладзь да вырашэння мясцовых пытанняў. Прадстаўнікі Маладзёжнага парламента прымаюць удзел у прамых лініях і прыёмах грамадзян. У рамках праекта з МП працуе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Людміла Жалнерчык. Гэта нашы кадры, наша перспектыва – а значыць, нам сёння іх умацоўваць, загартоўваць і выхоўваць патрыётаў.