Дзякуй за давер! Рэдакцыя «Ляхавіцкага весніка» стала пераможцай у абласным конкурсе СМІ ў намінацыі «Сярод рэдакцый раённых і гарадскіх газет»

Важкую ўзнагароду калектыву ўручыла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гагакава.


Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу і лепшых журналістаў вобласці, якія на працягу года стваралі інфармацыйны парадак дня, ушаноўвалі ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць – герой». Як адзначыла Таццяна Гагакава, за
19 гадоў існавання конкурсу ўдзел у ім узялі больш за дзве тысячы журналістаў, каля паловы тысячы атрымалі ўзнагароды. Абласны конкурс – гэта журналісцкі стымул, гэта адзнака работы, матывацыя для новых творчых праектаў. Сённяшняя задача журналістаў – зберагчы традыцыйную журналістыку: аб’ектыўную, дастойную, якасную – тую, якой заўсёды адрознівалася Брэстчына.
У месцы, што напоўнена болем і жалем, дзе кожны квадратны метр беражэ памяць пра Вялікую Перамогу, журналісты вобласці ўсклалі кветкі да помніка і хвілінай маўчання аддалі даніну павагі тым, хто падарыў нам магчымасць ствараць пад мірным небам.
Пераможцамі сталі рэдакцыі газет «Заря» і «Навiны Камянеччыны», ТРК «Брэст».
А «веснікаўцы» дзякуюць кожнаму чытачу раёнкі, якія нас натхняюць і з’яўляюцца галоўнымі матыватарамі для творчасці!

Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.