Сусветны дзень снегу адзначылі ў Ляхавічах

На першым этапе раённай спартакіяды працоўных калектываў лепшымі сталі прадстаўнікі СВК «Жарабковічы».

Ініцыятарам правядзення Сусветнага дня снегу, нагадаем, выступіла Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту. Ідэя нарадзілася ў 2012 годзе і адразу знайшла падтрымку, атрымала развіццё і, здаецца, прыжылася. У многіх краінах свету, у Беларусі, у тым ліку і ў нашых Ляхавічах. Чарговае свята снегу прыйшлося на мінулыя выхадныя, адметна і тым, што само выпадзенне снегу ўспрымаецца сёлета як сапраўднае свята. Здарылася гэта вельмі позна, аднак найлепшым чынам па спрыяла папярэднім планам арганізатараў з ФСК “Колас” на правядзенне 18 студзеня першага этапа круглагадовай раённай спартакіядыпрацоўных калектываў. Першы, ён жа – зімовы, калі лыжы становяцца адным са спартыўных прыярытэтаў, а ад поспеху на лыжні ў многім залежыць і паспяховасць выступлення на этапе спартакіяды ў цэлым. Біятлон, лыжная эстафета, у тым ліку сямейная, індывідуальная лыжная гонка з масавым стартам, барацьба на руках і за шашачнай дошкай. Як бачна з пераліку праграма спартакіяды на дзве трэці складалася з лыжных дысцыплін. Роўнае снежнае покрыва, сярэдні мароз і непрыемны вецер – такім убачылі стадыён спарткомплексу “Колас” каманды-ўдзельніцы. Іх было 11: прадстаўлялі РАУС і РАНС, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, СВК “Жарабковічы” і “Шлях новы”, аграрны каледж, лясгас, цэнтральную раённую бальніцу, камунгас, торфабрыкетны завод, прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Яшчэ пара-тройка працоўных калектываў раёна анансавала сваё прадстаўніцтва на спаборніцтвах, аднак, не даехалі па розных прычынах. Што да вынікаў, то асабліва канкурэнтныя на працягу апошніх гадоў спартакіядныя калектывы раёна саліравалі і ў мінулую суботу.

У біятлоне, лыжнай гонцы з масавым стартам і армрэслінгу першынстваваў СВК “Жарабковічы”, ЛДАК выйграў эстафету сямейных каманд, РАНС – лыжную эстафету, лепшымі ў турніры па шашках сталі работнікі ЖКГ. І гэта можна лічыць трапным пападаннем, улічваючы, што, акрамя шашак, камунгасаўцы не заявіліся ні ў адной з пяці іншых дысцыплін спартакіяды.

Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама перамогамі не вызначыўся, але і аўтсайдарам не з’яўляўся ні ў адной з дысцыплін. Каманда станавілася другой, трэцяй, а найгоршае для сябе чацвёртае месца паказала ў сямейнай эстафеце. У суме “назбірала” 45 заліковых балаў і па завяршэнні зімовага этапу спартакіяды размясцілася на другім камандным месцы. Вышэй – толькі СВК “Жарабковічы” з 51 балам у спартакіяднай скарбонцы. У падобнай сітуацыі прынята гаварыць падзялілі, але ж можна сказаць, што трэцяе месца не падзялілі ЛДАК і РАНС. На фінішы першага этапу ў кожнай з каманд па 36 балаў і трэці-чацвёрты радок у зводнай табліцы.

Другі этап раённай спартакіяды працоўных калектываў стартуе ў маі. У бліжэйшую ж пятніцу адбудзецца ўшанаванне з узнагароджаннем спартыўна-працоўных калектываў раёна, што сталі лепшымі ў спартакіядным сезоне-2013.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *