Чаму аргкамітэт адмяніў святкаванне Купалля ў Ляхавічах?

 

У мінулы чацвер свята Івана Купалы ў Ляхавічах павінна было адбыцца: сцэна і складзеныя для вогнішча бярвенні – пацвярджэнне.

У газеце і сацыяльных сетках была змешчана аб’ява-запрашэнне. Аднак пасля абеду надвор’е пагоршылася, святкаванне Купалля аргкамітэт адмяніў. Пра што “ЛВ” і паведаміў сваім падпісчыкам. Але ж у запланаваныя 19.00, калі надвор’е адзначалася цеплынёй і сонейкам, ляхавічане прыйшлі на рыначную плошчу, многія вяскоўцы прыехалі на свята.

У сацыяльных сетках з’явілася шмат каментарыяў тыпу “для свята надвор’е шыкоўнае”, “што стала прычынай адмены Купалля”, “спецыяльна ехалі сям’ёй на свята”.

Сітуацыю каментуе загадчык сектара культуры райвыканкама Ніна Прыхач:

Так, для свята ўсё было падрыхтавана: і праграма, і адпаведныя традыцыйныя атрыбуты. Але ж варта разумець, што месца для святкавання знаходзіцца каля ракі. Пасля дажджу падысці да месца вогнішча проста немагчыма, як і яго падпаліць. Мантаж электраабсталявання праводзіцца загадзя, што зрабіць падчас дажджу было немагчыма. Канешне, шкада, што свята не адбылося. У наступны раз аргкамітэт прадугледзіць і гэтыя моманты.