Калі ў дом прыходзіць крызіс. Па статыстыцы, у Беларусі насілле ў той ці іншай форме прысутнічае ў кожнай чацвёртай сям’і.

Нас з дзяцінства вучаць, што сям’я – галоўная апора для кожнага чалавека. Гэта месца, дзе мы адчуваем падтрымку і любоў, дзе нас акружаюць блізкія людзі, дзе нас прымаюць такімі, якія мы ёсць. У сям’і мы знаходзім разуменне і абарону, калі здаецца, што ўвесь знешні свет настроіўся супраць нас. Але здараецца і іншая сітуацыя: у сям’і адбываецца хатні гвалт, а чалавек не ведае, што яму зрабіць… Па статыстыцы, у Беларусі насілле ў той ці іншай форме прысутнічае ў кожнай чацвёртай сям’і. З ім сутыкаюцца незалежна ад узроўню даходаў, адукацыі і становішча ў грамадстве.

Што такое хатні гвалт? Гэта фізічныя, слоўныя, маральныя і эканамічныя абразы і прымусы, якія сталі звыклымі ў сям’і, з мэтай запалохвання і атрымання ўлады адных членаў сям’і над іншымі. Пастаянныя абразы і зневажанне годнасці, забарона на працу, вучобу, на сустрэчы з сябрамі і нават сваякамі, жорсткае абмежаванне ў фінансах і патрабаванне дэталёвай справаздачнасці – нярэдка пры забароне зарабляць самастойна.
Насілле можа праяўляцца ў розных формах: фізічнае (штурхаць або звязваць жанчыну, разбіваць посуд або мэблю з мэтай запалохвання, біць, пазбаўляць сну, ізаляваць ад навакольных і г. д.); сэксуальнае; псіхалагічнае або эмацыянальнае (пагроза кінуць сям’ю, збіць ці забіць, давядзенне да самагубства, шантаж, абразы, лаянка, папрокі, грэблівае стаўленне, якое вядзе да страты самапавагі, паталагічная рэўнасць, выкарыстанне дзяцей супраць маці); эканамічнае (забарона працаваць па-за домам, адмова ў грошах або выдача ў недастатковай колькасці для жыцця, адабранне грошай, аднаасобнае прыняцце рашэнняў па сямейным балансе).
Адчуць сябе ў бяспецы і пажыць асобна ад сямейнага тырана (мужа, бацькі, сына) можна ў «крызісным» пакоі, які функцыянуе пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яго адрас у мэтах бяспекі не агучваюць, карыстацца часовым жыллём можна пакуль не вырашацца праблемныя пытанні.
Пражыванне і дапамога спецыялістаў бясплатныя, пры засяленні ў гэтае памяшканне першасную дапамогу аказвае Ляхавіцкая раённая арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.
Кухня, неабходная мэбля і бытавая тэхніка – у «крызісным» пакоі маецца ўсё неабходнае для таго, каб там магла знайсці прытулак жанчына са сваімі непаўналетнімі дзецьмі.
Звяртацца па дапамогу могуць не толькі жанчыны, але і мужчыны, а таксама састарэлыя людзі, якія не ладзяць са сваімі дарослымі дзецьмі, сваякамі, або якія пацярпелі ад надзвычайных сітуацый. Звяртацца трэба ў ТЦСАН па адрасе: г. Ляхавічы,
вул. Юбілейная, д. 19 або па тэлефонах 6-04-20, 6-39-06, 2-17-93. У начны і непрацоўны час можна патэлефанаваць у міліцыю па нумары 102,
і супрацоўнікі міліцыі даставяць вас у «крызісны» пакой.
Святлана ЯРАШ,
загадчыца аддзялення
комплекснай падтрымкі
ў крызіснай сітуацыі і дзённага знаходжання для грамадзян
пажылога ўзросту ТЦСАН.