А на Арлоўскага – капітальны рамонт дома. Як вырашаецца праблема жыльцоў дома № 20 па вуліцы Арлоўскага ў Ляхавічах

Фота з архіва «ЛВ»

«А на Арлоўскага ручаі бягуць» – так называлася публікацыя ў раёнцы ад 27 снежня 2023 года, у якой расказвалася пра праблемы жыльцоў дома № 20 па вуліцы Арлоўскага ў Ляхавічах.

Яны звярнуліся на гарачую лінію раённай газеты са скаргай, што пасля рамонту дарогі ручаі з праезнай часткі сцякаюць пад дом і падтопліваюць яго. «…Раней уздоўж вулічнай дарожкі былі пакладзены бардзюры, якія стрымлівалі ваду перад домам», – выказвалі аргументы карэспандэнту «ЛВ» жыльцы
шматпавярховіка. Дарожнымі рамонтнымі работамі займалася ДРБУ-200, кіраўніцтву якога рэдакцыя адрасавала нараканні жыльцоў. Днямі раёнка атрымала адказ: «Пытанне водаадвода ад дома № 20 па вуліцы Арлоўскага ў г. Ляхавічы не ўваходзіць у кампетэнцыю філіяла КУП «Брэстаблдарбуд» Ляхавіцкае ДРБУ-200.
«ЛВ» удакладніла сітуацыю ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ Ляхавіцкага райвыканкама.
«Пры выездзе на месца зацікаўленых спецыялістаў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», райвыканкама і ДРБУ-200 факты падтаплення сцен падвальнага памяшкання былі пацверджаны. Пры больш дэталёвым вывучэнні праблемы жыльцоў вышэйназванага дома ўстаноўлена, што работы па рамонце дарожнага палатна вуліцы Арлоўскага не з’явіліся прычынамі падтаплення данага жылога дома. Праблема, узнятая жыльцамі, існавала і раней. Падтапленне
падвальнага памяшкання дома адбывалася з-за асаблівасцяў
рэльефу, а таксама адсутнасці адмосткі.
Зараз КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» робіць капітальны рамонт дома № 20 па вуліцы Арлоўскага.
У рамках капітальнага рамонту будзе зроблена вадасцёкавая
сістэма з арганізаваным водаадводам, а таксама ўладкаваны новыя адмосткі».