Традыцыя калядная – алімпіядная. У раённым рэсурсным цэнтры па духоўна-маральным выхаванні, які працуе на базе Дараўскай сярэдняй школы, прайшла Калядная алімпіяда

Традыцыйна шчырая і ўзнёслая атмасфера пануе ў калядныя дні ў раённым рэсурсным цэнтры па духоўна-маральным выхаванні, які працуе на базе Дараўскай сярэдняй школы.

Шматлюдна тут было ў мінулую суботу. Навучэнцы і педагогі школ раёна, прадстаўнікі духавенства, шматлікія госці сабраліся на чацвёртую Калядную алімпіяду. Сярод запрошаных гасцей – старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз, дэпутат Парламента Людміла Жалнерчык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік, педагогі, спонсар мерапрыемства прадпрымальнік Таццяна Ярук.
– Вельмі важна ведаць гісторыю свайго народа, захоўваць хрысціянскія традыцыі, шанаваць здабыткі продкаў. Цудоўна, што сённяшняе пакаленне юных ляхавічан імкнецца да такіх ведаў. Калядная алімпіяда – таму пацвярджэнне, – адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Дарэчы, кіраўнік раёна з году ў год прымае ўдзел у Каляднай алімпіядзе не толькі ў якасці госця, але і ўдзельніка дарослай каманды знатакоў.


– Свае веды па гісторыі праваслаўя дэманстравалі навучэнцы Конькаўскай, Малагарадзішчанскай, Начаўскай, Дараўскай СШ, Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча. Плюс – каманда гасцей. Неабходна было пісьмова адказаць на пытанні, што тычыліся праваслаўных святаў, у прыватнасці, Нараджэння Хрыстова, хрысціянскіх каштоўнасцей і традыцый, жыцця Святых – Ефрасінні Полацкай, Сергія Раданежскага, Мікалая Цудатворца, Афанасія Брэсцкага. Таксама разгадвалі тэматычныя крыжаванкі. З асаблівым натхненнем хлопчыкі і дзяўчынкі пісалі сачыненне на тэму «Пісьмо Богу», – расказвае кіраўнік рэсурснага цэнтра намеснік дырэктара Дараўскай СШ Святлана Бірукова.
Цікава было назіраць, як удумліва рабяты пісалі адказы, стараліся быць дакладнымі.
– Другі год удзельнічаю ў такой алімпіядзе. Сёлета пастараюся выступіць лепш. Мне падабаецца займацца ў рэсурсным цэнтры, – гаворыць вучаніца 7 класа Малагарадзішчанскай СШ Варвара Вярбіла.
– Упершыню прымаю ўдзел у такім мерапрыемстве. Некаторыя заданні лёгкія, а над некаторымі адказамі трэба яшчэ падумаць. Хаця гэтыя тэмы нам расказвалі на занятках у рэсурсным цэнтры. Думаю, што дам усё ж правільныя адказы, – упэўнены пяцікласнік Дараўскай СШ Антон Беляновіч.
А вось дарослыя госці алімпіяды амаль аднагалосна назвалі заданні даволі складанымі і пацвердзілі, што трэба яшчэ нямала чытаць, каб мець такія ж веды, як у рабят.
Шчыра перажываў за ўсіх школьнікаў настаяцель прыхода храма Мікалая Цудатворца ў Дараве іерэй Іаан Ніканчук, які назваў важнай і надзвычай неабходнай дзейнасць рэсурснага цэнтра, на занятках якога хлопчыкі і дзяўчынкі маюць магчымасць датыкнуцца да свету праваслаўя, хрысціянскіх каштоўнасцей, вучацца жыць у любві да людзей і Бога.
Журы ў складзе настаяцеля Святадухаўскай царквы аграгарадка Падлессе іерэя Уладзіслава Прымшыца і настаяцеля царквы Аляксандра Неўскага (г. Баранавічы) іерэя Мікалая Пашкевіча, навучэнца духоўнай семінарыі Андрэя Занько адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі школьнікаў.
– Для нашай школы ганарова чацвёрты год запар прымаць удзельнікаў калядных іспытаў. Гэта своеасаблівае падвядзенне вынікаў заняткаў, якія праводзяцца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі з вясковых школ раёна. Пра запатрабаванасць рэсурснага цэнтра ў дзяцей гаворыць і той факт, што рабяты на летніх канікулах сумуюць па занятках. Неаднаразова чуем ад бацькоў навучэнцаў словы падзякі за работу цэнтра, – адзначае дырэктар Дараўскай СШ Таццяна Жучэня.
Пасля напружанай інтэлектуальнай барацьбы рабяты з задавальненнем акунуліся ў творчую атмасферу і з інтарэсам назіралі за тэатралізаваным прадстаўленнем «Падарунак Богу», якое падрыхтавалі хлопчыкі і дзяўчынкі з Дараўскай СШ. Рабяты з іншых школ чыталі тэматычныя вершы.
Прызёрамі Каляднай алімпіяды сталі Вікторыя Пазяйчук,
Алеся Дамашэвіч, Паліна Пазяйчук з Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча, Вікторыя Шпак, Дар’я Федарчук, Іван Ніканчук, Антон Беляновіч з Дараўскай СШ. Аўтарамі лепшых сачыненняў прызнаны Арына Бардашэвіч з Начаўскай СШ, Дар’я Федарчук з Дараўскай СШ, Кірыл Майсюк з Конькаўскай СШ. Гран-пры алімпіяды – у Алесі Дамашэвіч з Жарабковіцкай СШ. Пераможцам і прызёрам былі ўручаны дыпломы і падарункі.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.